«Галіяфаў» больш не будзе. Маналог Змітра Вішнёва пра жыццё і ліквідацыю выдавецтва
Михаил Полозняков
«Галіяфаў» больш не будзе. Маналог Змітра Вішнёва пра жыццё і ліквідацыю выдавецтва
25 августа 2022, 16:25

Зміцер Вішнёў. Фото: Выдавецтва Галіяфы / Facebook

Выдавецтва «Галіяфы», якое працавала амаль 15 год, закрываецца. У красавіку Міністэрства інфармацыі прыпыніла яго дзейнасць на тры месяцы, але ж праз гэты тэрмін выдавецтва так і не адкрылася. «Медыязона» публікуе маналог заснавальніка «Галіяфаў» Змітра Вішнёва пра кнігі, самацэнзуру і ліквідацыю выдавецтва.

«Галіяфам» больш за 15 год. За гэты час выдавецтва сутыкалася з самымі рознымі сітуацыямі. У 2015 годзе ўжо зачынялі нашу выдавецкую кнігарню, якая месцілася на вуліцы Валгаградскай. Тады нас не выратаваў нават трохгадовы кантракт на арэнду памяшкання. Сумна, бо на той момант крама пражыла менш за тры месяцы. Праўда тады нам не прыпынілі дзейнасць цалкам. Мы працягвалі выдаваць кнігі. Потым мы зноўку адкрылі кнігарню. Потым зноў пераязджалі. Урэшце кнігарня апынулася на Нямізе, дзе мы паспяхова адпрацавалі некалькі гадоў да сумна вядомага прыпынення дзейнасці.

Праблемы з кнігарняй на Валгаградскай былі праз кнігу Аляксандра Лукашука «Вяртанне нацыяналіста». На прэзентацыю кнігі прыйшло некалькі падазроных людзей у гарнітурах і з навушнікамі.

Апошні год кнігарня «Галіяфы», напэўна, была адзінай беларускамоўнай кнігарняй у цэнтры Мінска. Выдавец Андрэй Янушкевіч паспрабаваў адкрыць «Кнігаўку», але тая не адпрацавала і аднаго дня.

Штогод мы выдавалі да 50 найменняў кніг. За 15 гадоў мы фактычна вырасцілі чытача. Шмат выйшла літаратуры сапраўды важнай для беларускай культурнай прасторы. У прыярытэце заўсёды былі беларускія аўтары. Сярод незалежных выдавецтваў мы, здаецца, мелі найбольшую колькасць дэбютантаў. Гэта прынамсі можна прасачыць па прэміі «Дэбют», на якую мы пастаянна вылучалі кнігі. Хто цяпер у Беларусі зойме нішу «Галіяфаў», я не ведаю.

Выдавецтва «Галіяфы» мы заснавалі разам з паэтам Міхасём Башурам. Нам хацелася зрабіць больш разнастайным літаратурны ландшафт. Спадзяваліся выдаць шмат яркіх і запамінальных кніг. Як мне цяпер думаецца, нашае выдавецтва, у пэўнай ступені, было бумбамлітаўскім праектам. Возьмем хаця б назву. Многія ўпэўненыя, што яна звязана з біблейскім Галіяфам. Не, галіяфы — гэта буйныя афрыканскія жукі. Калі згадаць маніфесты літаратурнага руху Бум-Бам-Літ, дык там і знойдзецца адказ: адзін з тэкстаў быў якраз маніфестам «афрыканізму».

Калі мы адчынялі выдавецтва, чыноўнікі нам проста ў вочы казалі: «Мы вас не прапусцім, не дадзім ліцэнзіі, бо вы будзеце выдаваць няправільную літаратуру». Былі такія рэаліі. На той момант нас выратаваў першы рэдактар выдавецтва Уладзімір Гніламёдаў, які пайшоў і здаў гэты іспыт. Чыноўнікі ад міністэрства не змаглі адмовіць акадэміку. Так паўсталі «Галіяфы».

Пасля 2020 года ў выдавецтва пасыпаліся рукапісы як дэбютантаў, так і ўжо вядомых аўтараў. Сярод гэтага патоку прапаноў было шмат графаманства, але сустракаліся і сапраўды вельмі таленавітыя тэксты. Варта зразумець, што гэта была хваля палітычнай літаратуры. Напрыклад, свой рукапіс дасылаў Аляксандр Чарнуха. Ад ягоных «Свінняў» я атрымаў эстэтычнае задавальненне: выдатная літаратура. Хацелася падтрымаць, але пасля выхаду такой кнігі можна было б паставіць крыж на ўсіх астатніх праектах выдавецтва. Я рады, што з’явіўся новы самабытны і глыбока іранічны літаратар.

Некаторыя рукапісы з той палітычнай хвалі мы прыхавалі — спадзяваліся ў будучыні надрукаваць. Сітуацыя ж не простая. Я не магу сказаць, што ў «Галіяфах» «прычэсвалі» кнігі. У нас было шмат самых розных кніг. Да 2020 года я магу сказаць адназначна, што мы не займаліся самацэнзурай. Прынамсі гэта была вельмі рэдкая з’ява. Мы стараліся выдаваць усё таленавітае і тое, што нам было цікава. І, безумоўна, мы арыентаваліся на запыты чытача.

Кнігарня «Галіяфы». Фота: фэйсбук «Галіяфы»

Я думаю, што «Галіяфы» трапілі пад каток зачысткі грамадскай супольнасці. Пасля 2020 года беларускія ўлады забаранілі Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр. Можна доўга згадваць і пералічваць арганізацыі, якія былі закрытыя. Было б дзіўным, калі б кнігарні, выдавецтвы і друкарні заставаліся не ў полі зроку рэпрэсіўнай машыны.

Я не ведаю, ці ёсць яшчэ ў якіх краінах іспыт на выдавецкую дзейнасць. Бо ў Беларусі — гэта рэальныя рычагі цэнзуры. Пры жаданні, калі ты не хочаш, каб чалавек прайшоў іспыт, ты заўсёды знойдзеш, да чаго прычапіцца. Нават дазвол на гандаль кнігамі трэба атрымліваць праз Міністэрства інфармацыі.

У нас шмат выдавецтваў, якія займаюцца беларускімі кнігамі? Відавочна, не. Возьмем тую ж суседнюю Літву. Прыязджаеш на іх кніжны кірмаш — вочы разбягаюцца ад колькасці літаратуры, што выходзіць па-літоўску. Чаму ж у іх так добра, а ў нас не? Мне здаецца, усё вельмі проста. У іх не топяць уласную культуру, а імкнуцца яе падтрымаць.

У нас падаткі ў выдавецкай сферы — 20 адсоткаў. Гэта жа шаленства! Гэта жа не вопратка і не піва. Арэнда вельмі высокая. Выдавецкая дзейнасць у Беларусі — гэта экстрэмальны спорт.

Гісторыя з прыпыненнем дзейнасці выдавецтва заспела мяне, калі я быў у Швецыі на літаратурнай рэзідэнцыі, куды я паехаў займацца ўласнай кнігай.

Фармальных прычынаў, праз якія Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць «Галіяфаў», дзве. Мы не падалі звесткі пра змену юрыдычнага адраса і не паведамілі пра сыход адказнага за выдавецкую дзейнасць. Калі табе чыноўніца кажа, што з 2016 года ты займаешся «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю»... Зразумела, што пасля такога абвінавачвання дзесяць разоў падумаеш, ці варта вяртацца ў Беларусь.

За некалькі дзён да прыпынення дзейнасці мы абвесцілі ў сацсетках распродаж. І нас падтрымалі чытачы — чарга па кнігі была велічэзная. Грошы, заробленыя дзякуючы падтрымцы, дазволілі выдавецтву пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Але пераатэстацыю наш супрацоўнік не прайшоў, хаця мае вышэйшую паліграфічную адукацыю і быў добра падрыхтаваны.

Калі выдавецтву не даюць працаваць — выдаваць і прадаваць кнігі, як яно можа жыць далей?

Я хацеў бы давесці ўсе праекты, што ў нас завіслі, да канца. Праз іншыя пляцоўкі, праз іншыя выдавецтвы. Магчыма, і за межамі Беларусі. У мяне самога пакуль няма планаў ствараць новае выдавецтва за мяжой. Бо трэба прыйсці ў сябе пасля «Галіяфаў».

У нас ужо ёсць некалькі выдавецтваў за межамі Беларусі. Напрыклад, «Логвінаў» у Вільнюсе і «Вясна» ў Празе. Апошняе, дарэчы, нядаўна выдала кнігі Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай. Я думаю, што неўзабаве паўстануць і новыя выдавецкія ініцыятывы.

Кніжная прастора ў Беларусі радыкальна змяншаецца. Я не бачу на сённяшні дзень аніякіх перспектыў для яе развіцця. У краіне бясконцыя арышты і гвалт. Як у такіх умовах увогуле можна нешта ствараць? Калі абрынецца хунта, тады і будзе перспектыва на адраджэнне нашай культурнай прасторы.