«Як скажа пракуратура, так і вырашыць суд». Тры юрысты расказваюць, як у Беларусі заканчваюцца адвакаты
Михаил Полозняков
«Як скажа пракуратура, так і вырашыць суд». Тры юрысты расказваюць, як у Беларусі заканчваюцца адвакаты
30 марта 2023, 18:01

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Сяргей Зікрацкі, які з’ехаў з краіны, напісаў пост пра тое, што 22 сакавіка ў Беларусі скончыліся адвакаты. Падставай стаў «хапун» юрыстаў: акрамя таго, што трэба знайсці замену для іх падабаронных, цяпер адвакатам таксама патрэбныя адвакаты. «Медыязона» пагаварыла з Зікрацкім і яшчэ двума ананімнымі юрыстамі пра «чысткі адвакатуры ад іншадумства», ціск на адвакатаў і «самаабарону» падчас следства.

Адвакатаў не засталося

Паводле слоў Зікрацкага, колькасць адвакатаў з 2020 года імкліва скарачалася. Адвакацкія бюро і магчымасць працаваць індывідуальна скасавалі ў 2021 годзе, цяпер адвакаты могуць працаваць аказваць паслугі толькі праз юрыдычна кансультацыі. Гэта прывяло да пазбаўлення адвакатуры незалежнасці, пасля чаго частка юрыстаў прыняла рашэнне пакінуць прафесію, кажа Зікрацкі.

— Тыя, хто заставаўся ў адвакатуры, сталі вельмі асцярожна браць палітычныя справы, бо не хацелі пазбаўляцца ліцэнзій і асцерагаліся пераследаў, — тлумачыць Зікрацкі.

У сярэдзіне сакавіка сілавікі затрымалі шэсць юрыстаў у адзін дзень. Зікрацкі сцвярджае, што ў кожнага з іх было па некалькі палітычных спраў. Пасля затрымання трэба было не толькі знайсці замену для іх кліентаў, але і абаронцаў для затрыманых адвакатаў. Некаторыя адвакаты, якія ўжо былі ў палітычных працэсах, пабаяліся далей ажыццяўляць «абарону сваіх палітвязняў» і рэкамендавалі пашукаць замену, гаворыць Зікрацкі. Ён адзначае, што на сённяшні дзень ёсць некалькі палітвязняў, якія засталіся без адваката.

Яшчэ адзін пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Юрый пацвярджае, што «палітычным» цяжка знайсці адвакатаў, «асабліва па рэзанансных справах».

— Часам цяжка выказаць здагадку, хто б мог бы гэтым заняцца. Каму можна даверыцца? Ужо не кажучы пра тое, ці дасць ён згоду і ці будзе ў дастатковай меры вольны, каб узяцца за гэтую справу.

Сярод прычын, чаму адвакаты адмаўляюцца весці справы, пазбаўлены ліцэнзіі абаронца Пётр называе абмежаванні для юрыстаў.

— Па справах аб тэрарызме чэкісты ставяць забарону на выезд з краіны адразу. Ну а хто хоча з забаронай на выезд працаваць?

«Будуць ціснуць на адвакатаў, якія ездзяць да асуджаных»

Юрый адзначае, што адвакаты становяцца адной з уразлівых груп, нароўні з палітыкамі, журналістамі, праваабаронцамі. Калі раней ён усведамляў, што «ў нейкі момант застанецца без працы», то цяпер абараняць вядомых палітвязняў становіцца «небяспечна для жыцця і здароўя».

Ён мяркуе, што ціснуць будуць на тых адвакатаў, якія працягваюць ездзіць да асуджаных у калоніі, паколькі гэта не з’яўляецца «абавязковай часткай» юрыдычнай дапамогі, у адрозненне ад стадыі папярэдняга следства і «судзілішча». Затрыманне шасцярых адвакатаў ён лічыць сігналам усім, хто застаўся, каб «непанадна было аказваць юрыдычную дапамогу асуджаным».

Цяпер праходзіць «ачышчэнне адвакатуры ад іншадумства», але адразу звольніць палову адвакатаў немагчыма, таму гэта робяць паступова — праз атэстацыі, упэўнены юрыст. Цяпер стаіць задача амаладзіць склад: для гэтай мэты ва ўніверсітэтах пачалі актыўна заклікаць у адвакаты.

— Малады адвакат прыходзіць у суд, а там што ён бачыць? Маладога суддзю і маладога пракурора. Усе — аднагодкі. Гэта ідэальны кантраляваны працэс для ўлады. Ніхто не ведае ні судовай практыкі, ні як прымяняюцца законы. Як пракуратура сказала — усе пад казырок — суд вынес рашэнне, — апісвае сітуацыю Пётр.

Паводле яго, некаторыя адвакаты асацыююць палітычныя справы з чорнай меткай. Пётр думае, што гэта навязана страхам.

— Я ведаю многіх адвакатаў, якія працуюць па палітычных справах. Яны працуюць, не дапушчаючы фармальных падстаў думаць пра тое, што могуць быць у іх парушэнні. Гэта дазваляе ім далей працаваць, — упэўнены ён.

Пасля 2020-га

Адвакаты сутыкаюцца з новымі выклікамі з 2020 года, расказвае Зікрацкі. Пакуль крымінальная справа не ўзбуджаная, пад рознымі падставамі адвакатаў не пускаюць да кліента. Часта адвакаты не ведаюць, дзе знаходзіцца затрыманы. З 2020 года следчыя бяруць падпіскі аб неразгалошванні інфармацыі, хоць раней яна была выключэннем з правілаў. Публічна заявіць аб прад’яўленых абвінавачваннях і расказаць аб працэсуальных дзеяннях становіцца немагчыма. Гэта абмяжоўвае адваката ў яго магчымасцях: напрыклад, ён не можа звярнуцца па альтэрнатыўную экспертызу, бо адвакат павінен раскрыць матэрыялы справы і прад’яўленае абвінавачванне.

Зікрацкі не чуў, каб следчыя дазвалялі сабе відавочныя пагрозы, але абаронцам сілавікі згадвалі, што існуе «нейкі пералік адвакатаў», якіх пазбавяць ліцэнзіі або затрымаюць.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

— Нават калі следчыя ў гэтай сітуацыі блефуюць, гэта мае псіхалагічны эфект на адваката і абмяжоўвае жаданне адваката актыўна займацца абаронай сваіх кліентаў, — упэўнены Зікрацкі.

Юрый не ўспомніў прамых пагроз у свой адрас, але пры затрыманні калегі сілавікі згадвалі яго імя са словамі «хутка гэтага таксама пасадзім». Ён таксама ўспамінае, што на адным з судоў пракурор падчас спрэчкі папрасіла «перайсці далей, а то зараз адвакат нагаворыць сабе на артыкул».

Паводле яго слоў, некаторыя загадчыкі юрыдычных кансультацый прасілі не брацца за справы палітвязняў са словамі: «Няхай з іншых кансультацый абараняюць, а ў мяне праблем не будзе».

— Зразумела, мы абавязаныя абараняць, прычым прыкладаць усе намаганні. Асабістая бяспека не можа ісці на шкоду лініі абароны, якую мы робім у ходзе крымінальных спраў. Інакш сэнсу нашай прафесіі няма — гэта махлярства, абараняць сябе за грошы кліентаў, не абараняючы ў рэальнасці свайго падабароннага, — упэўнены Юрый.

Як абараняцца з адвакатам і без

Зікрацкі лічыць, што адвакат патрэбны, бо ў яго глыбейшыя веды законаў, ён разумее асаблівасці вядзення працэсу, ведае практыкі і хітрыкі, на якія могуць пайсці сілавікі і можа прапанаваць кліенту іншыя рашэнні пытання.

Юрый раіць выбіраць адваката па рэкамендацыі дзейных і былых адвакатаў, каму людзі давяраюць. Пры гэтым, ён упэўнены, што тыя, хто захаваў адданасць прафесіі — «у Чырвонай кнізе».

— Няма сэнсу ў такім адвакаце, які не гатовы ісці на ўсвядомленую рызыку таго, што ён можа пазбавіцца прафесіі або свабоды. Усе адвакаты будуць цяпер асцярожныя. Але калі першапачаткова адвакат мае намер абараняць сябе ў працэсе, то ад такога адваката сэнсу ніякага не будзе.

Юрыст рэкамендуе, не ўступаць ва «ўзаемаадносіны» са следчымі, не разумеючы, да чаго гэта можа прывесці.

— Калі чалавек апынуўся ў СІЗА, ён павінен разумець, што цуду не адбудзецца — гэта ўжо ніяк не залежыць ад яго дзеянняў. Чалавек атрымае тэрмін, пытанне толькі ў яго памеры. І каб ён не быў большым, не трэба нагаворваць лішняга.

Ён не лічыць, што дача паказанняў, асабліва калі невядома, што ёсць у следчага, ідзе на карысць і нагадвае, што паказанні можна даць непасрэдна ў судзе.

— Як правіла, людзі больш нагаворваюць лішняга, і тады ўтвараюцца новыя склады злачынстваў, якія ім далей ставяцца ў віну.

Што далей

— А далей яшчэ горш будзе, — упэўнены Пётр. Паводле яго, раней людзей проста выганялі з калегіі з «воўчым білетам». Цяпер ён мяркуе, што прыбяруць яшчэ частку адвакатаў, «набяруць моладзь і будуць ляпіць з гэтага "пластыліну" што захочуць.

— Як думаеце, у Паўночнай Карэі ёсць адвакатура? Абсалютна дакладна. Дык і ў Беларусі будзе такая ж! — параўноўвае Пётр.

Юрый дапускае, што раз дзяржава бярэ за эталон паводзін палітыку 30-х гадоў, то і адвакатура можа стаць "сталінскай" — адвакаты могуць перастаць удзельнічаць на стадыі папярэдняга следства і ўдзельнічаць у судах фармальна, "як мэбля". Пры гэтым пачаткоўцы ні па духу, ні па прынцыпе не будуць мець нічогач агульнага з адвакатурай і будуць падыгрываць следству.

— Я лічу, што інстытут адвакатуры ў цэлым ужо разбураны. Трэба пачынаць з нуля. І я б пачынаў з недасведчаных студэнтаў. Тыя, якія яшчэ пакуль не сапсаваныя дзяржслужбай і вось гэтымі праваахоўнымі структурамі, пакуль у іх не адбылася прафесійная дэфармацыя і скажонае цынічнае стаўленне да права, — прапануе выйсце юрыст.

Сяргей Зікрацкі прызнае, што добрыя адвакаты яшчэ застаюцца. Наступным магчымым крокам будзе іх выцясненне. Ён прадказвае невялікі наплыў маладых адвакатаў, якія пройдуць фільтр у Мінюсце.

— Самае асноўнае тое, што адвакаты не будуць ніяк супрацьстаяць, пярэчыць супраць дзеянняў сілавых органаў. Сілавыя органы будуць рабіць тое, што яны хочуць. А адвакаты сваёй маўклівай упартасцю будуць фактычна легалізоўваць тое самавольства. Далей мы ўбачым, што гэтага самавольства стане яшчэ больш, — упэўнены Зікрацкі.