Ларыса Геніюш. Фота з сямейнага архіва
Яна была сакратаром Рады БНР, а савецкія спецслужбы выкралі яе з мужам і асудзілі на 25 гадоў лагераў. Паэтка, сімвал супраціву і бабуля, якая прысвяціла кожнаму ўнуку па зборніку, — «Медыязона» расказвае, як жыла Ларыса Геніюш, на чый помнік палявала прапагандыстка Вольга Бондарава.
Ларыса Геніюш (да замужжа — Міклашэвіч) нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы Воўпаўскай воласці Гродзенскага павета — цяпер гэта тэрыторыя Ваўкавыскага раёна. Там яна вучылася ў польскай гімназіі (Заходняя Беларусь у той час была тэрыторыяй Польшчы) і жыла да замужжа.
У 25 гадоў будучая паэтка выйшла замуж за Янку (Івана) Геніюша, змяніла прозвішча, пераехала да мужа ў Зэльву і нарадзіла сына Юрку. У Зэльве сям’я пражыла нядоўга: праз два гады, у 1937, следам за мужам Ларыса Геніюш пераехала ў Прагу. Янка Геніюш вучыўся там на лекара. У Чэхаславакіі сям’я пражыла 11 гадоў.
У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, бацьку паэткі Антона Міклашэвіча расстралялі як кулака. Дзвюх сясцёр і маці саслалі ў Казахстан, дзе яны памерлі, так і не вярнуўшыся ў Беларусь. Зямля, якая належала сям’і Міклашэвічаў, адышла калгасу.
У сакавіку 1943, яшчэ падчас жыцця ў Празе, Ларыса Геніюш стала генеральным сакратаром рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна ўпарадкоўвала архівы, клапацілася пра беларусаў-эмігрантаў, у тым ліку і палітычных, працавала ў Камітэце ўзаемадапамогі беларусаў.
Пасля пачатку вайны кіраўнік Камітэта ўзаемадапамогі Іван Ермачэнка склікаў пазачарговае пасяджэнне арганізацыі. На ім, як пісала паэтка, спачатку доўга не маглі выбраць старшыню сходу. Ермачэнка гэтым разам адмаўляўся ад гэтай ролі. У выніку старшынёй выбралі Янку Геніюша. Ермачэнка на пасяджэнні зачытаў тэлеграму Адольфу Гітлеру ад камітэта. У ёй нацыстам жадалі «хутчэйшай перамогі над бальшавікамі».
Доктар гістарычных навук, прафесар факультэта міжнародных адносін БДУ Уладзімір Снапкоўскі пісаў, што Ермачэнка разам з тагачасным кіраўніком БНР Васілём Захаркам арыентаваліся на Германію, каб аднавіць «права беларускага народа на незалежнае нацыянальна-дзяржаўнае існаванне».
Пасля вайны, у 1948 годзе, калі да ўлады ў Чэхаславакіі прыйшоў прасавецкі ўрад, Янку і Ларысу арыштавалі ў Празе і этапавалі ў Мінск, абвінаваціўшы ў супрацоўніцтве з нацыстамі. Іх 12-гадовага сына забралі ў Польшчу сваякі.
У турме ў Мінску ад Геніюш патрабавалі, каб яна выдала архіў БНР, але безвынікова. Дапытваў яе ў тым ліку Лаўрэнцій Цанава, міністр Дзяржбяспекі БССР.
Суд пакараў Геніюшаў 25 гадамі папраўча-працоўных лагераў. Яны адбывалі гэты тэрмін у лагерах у рэспублікі Комі і Мардоўскай АССР. Ва ўспамінах пра гэты перыяд свайго жыцця Геніюш піша пра невыносныя ўмовы — голад, антысанітарыю, блох, цяжкую працу і жанчын, счарнелых ад працы і суровага надвор’я.
Пасля смерці Сталіна тэрмін Геніюшам перагледзелі. Новая ўлада вызваліла іх, але не рэабілітавала цалкам, палічыўшы абвінавачванне абгрунтаваным.
Пасля вызвалення з лагераў сям’я вярнулася ў Зэльву ў дом бацькі Янкі. Паводле слоў Міхася, унука Геніюшаў, яго бабуля з дзядулем займалі толькі палову дома. У іншай жылі «чужыя людзі». Янка Геніюш працаваў лекарам, а Ларыса была хатняй гаспадыняй.
Ларыса Геніюш. Фота з сямейнага архіва
«Так яны жылі да канца жыцця, гэта была звыклая драўляная хата без ніякіх выгод. Не было вады, туалета. Трэба было насіць гэтае ўсё, насіць дровы, каб тапіць хату. І яны да старасці вымушаны былі ўсё гэта рабіць. Але ж хата была цёплая, утульная, там было шмат кніжак, па ўсіх сценах. Былі фатаграфіі на сценах, абразы», — расказвае Міхась «Медыязоне».
Іх сын Юрый, бацька Міхася, жыў у Беластоку. Некалькі разоў ён прыязджаў да бацькоў у Зэльву, а яго маці выехаць у Польшчу савецкая ўлада дазволіла толькі аднойчы.
Паводле слоў Міхася, яго бабуля і дзядуля хацелі вярнуцца ў Чэхію, але гэта было немагчыма.
«Іх забіралі з Чэхаславакіі, калі ім было каля 40, гэта ўжо былі людзі, якія мелі сваё ўладкаванае жыццё, мелі звычкі, знаёмствы. А трапілі… у Зэльву, якая да сённяшняга дня — XIX стагоддзе. Калі там ужо тады былі аўтаматычныя пральныя машыны. А ў Зэльве была тарка. Не было вады, былі печы — гэта розніца страшэнная. Янка Геніюш да канца свайго жыцця жыў галавой у Празе і вельмі хацеў туды вярнуцца. Гэта зусім іншае жыццё», — расказвае ён «Медыязоне».
Янка і Ларыса жылі з крыўдай на савецкую ўладу. Гады ў лагеры адбіліся на іх здароўі: у Янкі да канца жыцця былі праблемы з лёгкімі. Ларыса «была нервозная», і ёй было цяжка давяраць людзям, кажа Міхась.
«Я памятаю, яна распавядала, што, калі вярнулася з лагеру, увесь час усё ела, ела, не магла наесціся, быццам бы нехта гэтую ежу ў яе забярэ», — успамінае Міхась.
Пасля вяртання ў Зэльву Ларыса Геніюш шмат чытала, перапісвалася са знаёмымі, малявала і працягвала пісаць, але не разлічвала на публікацыі. Сёе-тое ўдалося: напрыклад, зборнік «Невадам з Нёмана» ёй дапамог выдаць Максім Танк, а рэдактарам кнігі стаў Уладзімір Караткевіч. Зборнік выйшаў, але адцэнзураваны.
Ларыса Геніюш прысвяціла кожнаму свайму ўнуку (у Міхася ёсць брат Алесь) па зборніку вершаў — «Казкі для Міхася» і «Добрай раніцы, Алесь». Нядаўна Міхась выдаў кнігу з дзіцячымі вершамі Ларысы Геніюш, яна ілюстраваная малюнкамі паэткі.
Памерла Ларыса Геніюш у 1983 годзе, маючы 72 гады.
«Яна трымалася добра, але аднойчы захварэла, патрапіла ў бальніцу ў Гродна і больш з той бальніцы не вярнулася. Там у яе знайшлі рак. Зрабілі аперацыю, але нічога з таго не выйшла», — кажа Міхась.
«Перадусім яна была чэсным чалавекам, самае важнае для яе была праўда. Любіла людзей, свой край, сваю мову. Калі давала слова, то заўжды яго трымала, і мяне вучыла так».