Беларусу на мяжы сказалі, што ў яго «вісіць» данат «экстрэмістам». Ён схадзіў у КДБ і вырашыў уцячы з краіны
Евгений Корнеевец
Беларусу на мяжы сказалі, што ў яго «вісіць» данат «экстрэмістам». Ён схадзіў у КДБ і вырашыў уцячы з краіны
16 марта 2024, 11:42

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

2020 год Ігар правёў у Ізраілі. Выходзіў на акцыі ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі і аднойчы заданаціў з беларускай карткі на дапамогу пацярпелым. Пасля гэтага Ігар з'ехаў у Польшчу, але кожныя тры месяцы наведваў радзіму. Так было да лета 2023 года, а далей — допыт на мяжы, КДБ і ўцёкі з Беларусі. Сваю гісторыю Ігар падрабязна распавёў «Медыязоне».

«Вельмі складана жыць у Беларусі, калі ўсяго баішся». Пераезд у Польшчу

— Мама — гэта аўтарытэт, якой 50 гадоў. Што яна скажа? «Вядома, ідзі! Ідзі, падай на калені, малі, плаці ўсе штрафы». Але дрэнна я ведаў маму сваю мудрую. Яна кажа: «А што ты думаеш? Ісці? А раптам не выйдзеш? А ёсць дарогі якія, каб з’ехаць?». Я кажу: «Вядома, ёсць».

Ігар успамінае свой перадапошні дзень у Беларусі. Паслязаўтра яму трэба было ісці па позве ў КДБ, каб кампенсаваць данат «экстрэмістам». Але пасля доўгіх разважанняў хлопец вырашыў бегчы з краіны.

З 2019 года Ігар жыў у Ізраілі — «зарабляў грошы». Там жа ён сустрэў жнівень 2020 года, выходзіў на акцыі з іншымі беларусамі. У 2021 годзе беларус вярнуўся на радзіму, але ўжо не адчуваў сябе там у бяспецы.

— Беларусь моцна змянілася з таго часу, як я з’ехаў. Раней я ў «Пагоні» хадзіў спакойна, а тут стала вельмі напружаным жыццё. Было зразумела, што вельмі складана жыць у Беларусі, калі ўсяго баішся. Трэба часова выехаць у Польшчу.

Ігар з дзяўчынай зрабілі польскія візы і пераехалі ў Беласток, але кожныя тры месяцы едзілі дадому. Перад паездкай хлопец пакідаў асноўны тэлефон у Польшчы, а ў Беларусь ездзіў са старым. Усе паездкі праходзілі спакойна.

А летам [2023 года] я паехаў адзін. Мне на працы далі выходных, і я думаю: «Што рабіць? У Беларусь! Я ж магу ездзіць у Беларусь, дык чаму б гэтым не скарыстацца».

«Карацей, у цябе вісіць адзін данат у нашай сістэме». Мяжа

Ігар паехаў у Беларусь праз Вільню, бо так было хутчэй.

— На мяжу прыехалі ўначы. На пашпартным кантролі кіроўца кажа: «Тыя, хто быў там, дзе не трэба было быць, ідзіце першыя». Такая практыка, што ва ўсіх, хто быў затрыманы і сядзеў суткі, на мяжы правяраюць тэлефоны. Таму кіроўцы іх просяць ісці першымі, бо іх даўжэй чакаць. Я не пайшоў першым, бо баяўся пра свой актыўны ўдзел у акцыях у Ізраілі, пра свае публікацыі ў сацсетках, што недзе неяк усплылі. А таксама ўдзел у антываенных і антырэферэндных пратэстах у Мінску ў лютым 2022-га.

На пашпартным кантролі ў Ігара і яшчэ аднаго хлопца забралі пашпарты і папрасілі пачакаць. Адзін з супрацоўнікаў адвёў іх у іншы будынак. У кабінет на «гутарку» Ігар падахвоціўся першым. Сілавікі заўважылі ў яго на руцэ татуіроўку з арнаментам і адразу сказалі адно аднаму: «О, гэта наш кліент».

— І яны адразу з такім добрым настроем: «Ну што, давай тэлефон. Як правёў 20-ы год?» Кажу: «У Ізраілі, нічога дрэннага не рабіў». Яны: «Так? Наогул нічога? А гэта твой асноўны тэлефон?» А там відаць, што экран пабіты. Я кажу: «Не, я свой асноўны выпадкова ўтапіў, а цяпер еду ў Беларусь узяць грошы і купіць новы. У Польшчы ж столькі не зараблю, каб купіць новы».

Супрацоўнікі разам з Ігарам жартавалі і смяяліся — яму падалося, што гэтыя двое «з намі на адным баку, проста выконваюць сваю працу». Пасля пытанняў Ігара папрасілі пачакаць каля кабінета і запрасіць наступнага. Яшчэ праз пару хвілін з кабінета выйшаў адзін з сілавікоў, вярнуў хлопцу пашпарт і спытаў, ці данаціў ён кудысьці ў 2020 годзе.

— Я кажу: «Не». Ён: «Узгадай добра, можа ўжо забыўся. У 2020 годзе». Я кажу: «Ды не, не памятаю такога».

Паводле Ігара, супрацоўнік сказаў, што «ў цябе вісіць адзін данат у нашай сістэме» і што яму трэба прыйсці ў любы дзень у мясцовае КДБ.

— Скажаш, што ты прыехаў з Польшчы. Яны цябе папросяць заплаціць нешта ў дзесяціразовым памеры, і ўсё. Будзеш вольны. А без аплаты не спрабуй нават ехаць назад. Тут вось пацаны спрабавалі праехаць не аплаціўшы, іх развярнулі, — пераказвае Ігар словы супрацоўніка. Хлопцу падалося, што сілавік «сапраўды хоча дапамагчы».

«Ну ты дадумаўся, канешне, падчас абеду прыйсці!». КДБ

Яшчэ ў Ізраілі у жніўні 2020 года Ігар заданаціў на дапамогу затрыманым 10 рублёў са сваёй беларускай карткі. Гэта ўсе грошы, якія на той момант на ёй ляжалі.

У аўтобусе Ігар даў сабе ўстаноўку: «Я іду ў КДБ». Хлопец чытаў пра выпадкі з данатамі і ведаў, што трэба кампенсаваць данат у дзесяціразовым памеры — тады будзеш вольны. Ён гатовы быў заплаціць такія грошы, каб захаваць магчымасць едзіць у Беларусь.

— Я дома пра размову на мяжы нікому не сказаў. Думаю, з’езджу ціха ў КДБ, скажу, што данаціў, заплачу там гэтую 1 000 рублёў ці колькі яны там скажуць, мяне адпусцяць, і я паеду. Чаго маму хваляваць?

На наступны дзень Ігар паехаў у КДБ.

— Прыйшоў да будынка. Там стаяць жалезныя дзверы і вісіць званок. Цісну на званок. Адчыняюцца дзверы, але высоўваецца толькі адна галава: «Што трэба?» Я такі: «Я прыехаў з Польшчы, мне сказалі да вас прыйсці». Ён мне: «Чакай». Я чакаў хвілін 20. Потым зноў адчыняюцца дзверы, выходзіць іншы чалавек: «Пайшлі. Сюды пакладзі тэлефон. Пайшлі ў кабінет. Ну ты дадумаўся, канешне, падчас абеду прыйсці!»

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

Супрацоўнік КДБ узяў тэлефон хлопца і папрасіў увайсці ў фэйсбук. Ігар адказаў, што не памятае пароль. Сілавік пакінуў яго аднаго ў кабінеце са словамі: «Можа, пару сутак пасядзіш і ўспомніш». Калі супрацоўнік вярнуўся, то ўручыў хлопцу позву і сказаў прыйсці яшчэ раз праз тыдзень — з адкрытымі сацсеткамі.

«Я вось на хіміі сяджу, і думаеш, мне класна?». Зноў у КДБ

Ігар спалохаўся, што супрацоўнік КДБ бярэ тыдзень на тое, каб нешта «накапаць» на яго. Ён прасіў заплаціць тут і цяпер, гатовы быў увайсці ў фэйсбук, але кадэбэшнік адказаў: «Сустрэнемся праз тыдзень, аплаціш у стакратным памеры і будзеш вольны».

Выйшаўшы з будынка камітэта, хлопец патэлефанаваў свайму працадаўцу, растлумачыў сітуацыю і папрасіў даць выходныя яшчэ на тыдзень, каб усё ж пакрыць свой данат.

Ігар пабаяўся распавесці маці пра сітуацыю з КДБ, таму зрабіў выгляд, што зноў з’язджае ў Польшчу, а сам паехаў у Мінск яшчэ раз усё абдумаць.

— Прыехаў да сяброў, распавёў ім усю гісторыю. Мы сядзелі да позняй ночы і разважалі, што рабіць далей. Гэта была пятніца, а ў КДБ мне трэба было ў аўторак. Яны кажуць: «Давай класціся спаць, а заўтра з’ездзім да сяброўкі, у яе муж працуе следчым, ён дапаможа».

Следчы сказаў, што не трэба было хадзіць у КДБ без позвы. Але цяпер, з афіцыйнай паперай, ісці трэба. Паводле следчага, з-за такой маленькай сумы данату Ігара толькі папросяць заплаціць, іншых справаў па данаце не будзе.

Ігар паехаў дадому, каб усё расказаць маці. Хлопец патэлефанаваў знаёмай, якая сядзела на хатняй хіміі, каб параіцца з ёй. Кажа: «Яна моцна на мяне паўплывала». Дзяўчына сказала, што «сама з задавальненнем зваліла б» з краіны.

— Я вось на хіміі сяджу, і, думаеш, мне класна? А ты добраахвотна ў КДБ хочаш пайсці. Ты адтуль не выйдзеш, успомніш потым мае словы, — узгадвае размову беларус.

Дома Ігар усё распавёў маці. Хлопец кажа, што чакаў ад яе падтрымкі ў тым, каб пайсці ў КДБ, але жанчына, наадварот, адгаворвала сына.

Трэба было прыйсці, заплаціць, і паехаў бы ў Польшчу. Ад’езд

Ігару ўдалося бяспечна з’ехаць з краіны. У дзень, калі ён прыехаў у Вільню, яго маці патэлефанавалі з КДБ. Паводле Ігара, супрацоўнік быў незадаволены тым, што хлопец з'ехаў з Беларусі. Ён назваў Ігара «дурнем» і сказаў, што трэба было проста заплаціць і пасля ехаць у Польшчу.

Праз чатыры месяцы маме Ігара зноў тэлефанавалі з КДБ і пакінулі нумар тэлефона, каб беларус пазваніў на яго ў вайберы. Ігар кажа, што спрабаваў звязацца два разы, але ніхто не здымаў.

— Калі я пераехаў у Польшчу і меў магчымасць ездзіць у Беларусь, я быў свабодным чалавекам, але недастаткова. Я ўсё роўна сябе стрымліваў. Калі выходзіў на нейкія маршы, то стараўся схаваць твар. Нешта лайкаць? Таксама не буду, бо праз месяц планую ехаць у Беларусь. А калі выехаў нарэшце, то адчуў, што такое поўная свабода. Свабода маіх дзеянняў. Можна выказвацца адкрыта, бо ў Беларусь у найбліжэйшы час я не паеду.