Не забыцца. Размовы з беларусамі, якія атрымалі раненні ў першыя дні пратэстаў 2020 года
Не забыцца. Размовы з беларусамі, якія атрымалі раненні ў першыя дні пратэстаў 2020 года
9 августа 2022, 10:06

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Першыя некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года аказаліся для Беларусі беспрэцэдэнтнымі па ўзроўні міліцэйскага гвалту на вуліцах: у людзей, нязгодных з падаўжэннем паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, стралялі гумовымі кулямі і кідалі святлошумавыя гранаты. Блог «Шуфлядка» пагаварыў з беларусамі, параненымі ў першыя дні пратэстаў, як яны жывуць цяпер і як ацэньваюць тое, што адбылося з імі тады. «Медыязона» перадрукоўвае гэты тэкст.

Раман Зайцаў. «Галоўная падзея — што я ўсё-ткі застаўся жывы»

9 жніўня каля 11 вечара будаўнік з Горак Раман Зайцаў і яго таварышы прыйшлі да стэлы «Мінск — горад-герой», каб, як кажа праз два гады Раман, «падтрымаць народ, выказаць свой пратэст».

Калі сілавікі пачалі кідаць у натоўп святлошумавыя гранаты, Зайцаў паспрабаваў сысці, але не паспеў — граната разарвалася проста перад ім. Фотаздымак скрываўленага мужчыны стаў адным з самых вядомых здымкаў тых дзён.

— У мяне, атрымліваецца, было пашкоджанне лёгкага (асколак у лёгкім), удар сэрца, адрыў дзвюх фаланг, страсенне мозгу. Ну і, зноў жа, пашкоджанне тканак — на грудзях было вельмі шмат дзірак выпаленых, і аскепкамі плячо было разарвана — сантыметраў пятнаццаць, напэўна, шнар такі, — пералічвае ён.

Параненага Зайцава павезлі ў ваенны шпіталь. Ён праляжаў там месяц, але каб аднавіцца, спатрэбілася каля паўгода — увесь гэты час Раман распрацоўваў кісць рукі і лячыў пашкоджаныя разрывам мышцы грудзей.

— Ну, і, натуральна, гэты адбітак застаўся. Гэта значыць, скажам так, калі я паўнавартасна мог рукой браць, дробная маторыка ў мяне была развітая, калі ў мяне пальцы на месцы былі, то цяпер... я да гэтага ўжо прывык збольшага, але ўсё роўна дае аб сабе ведаць недахоп фалангаў, — кажа Зайцаў.

Следчы камітэт, гаворыць ён, не знайшоў у дзеяннях сілавікоў складу злачынства — пра гэта Рамана апавясцілі ў адзін з зімовых месяцаў, ён не памятае дакладнай даты.

Зараз Зайцаў працягвае працаваць будаўніком на тым жа месцы і не думае мяняць прафесію.

— Не ведаю, праўда, наколькі гэта будзе перспектыўна. З’язджаць не вельмі хочацца, бо тут усе родныя, блізкія, сябры. Ну, скажам так, цяжка. Але будзем трымацца да апошняга тут, ну а далей ужо будзе відаць, — кажа ён.

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

У найбліжэйшы час Раман плануе вярнуцца да заняткаў у трэнажорнай зале — ён лічыць, што ўжо дастаткова аднавіўся для спорту.

— Я раней займаўся спортам, ну, падтрымліваў сябе, скажам так, у зале. Да гэтага моманту ў мяне не было такой магчымасці, таму што ўсё ж такі трохі мышцы яшчэ не гатовыя былі. Але вось цяпер ужо нібыта больш гатовы — буду пачынаць у залу хадзіць зноў, — дзеліцца планамі Зайцаў.

«Шуфлядка» спытала яго пра самую важную падзеі за мінулыя два гады.

— Напэўна, галоўная падзея ў маім жыцці — гэта само жыццё, бо я быў зусім на краі. І, бачачы вочы сваіх блізкіх, родных, я разумею, што гэта галоўная падзея — што я ўсё ж такі застаўся жывы, — адказаў Раман.

Наталля Лубнеўская. «Я не ведаю, што можна было б зрабіць інакш»

10 жніўня журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская разам з некалькімі калегамі асвятляла вулічныя акцыі пратэсту. Каля сямі вечара каля ГЦ «Карона» на Кальварыйскай вуліцы ёй у нагу трапіла гумовая куля. Гэта адбылося, калі сілавікі пагналіся за пратэстоўцамі, а журналісты паспрабавалі адысці ўбок.

— Калі я адыходзіла, я адчула, што нешта зачапіла мяне ў раёне калена. Я перабегла пешаходны пераход і толькі пасля гэтага ўжо, калі бегла, зразумела, што гэта не каменьчык [трапіў] — гэта рана, адкуль льецца кроў, — успамінае Лубнеўская.

Калегі і мінакі аказалі ёй першую дапамогу на месцы і адвезлі ў БХМД, дзе журналістка заставалася да сярэдзіны верасня. Выпісаўшыся, яна яшчэ каля месяца правяла на бальнічным і наведвала заняткі ЛФК, каб распрацаваць нагу пасля двух тыдняў у гіпсе.

Цяпер, кажа Лубнеўская, ніякіх наступстваў ранення яна не адчувае, «функцыянальна ўсё ў парадку».

— Адзінае, што засталося — шрам на месцы ад раны, які, я так разумею, са мной на ўсё жыццё, — кажа яна.

Да працы журналістка вярнулася адразу пасля выпіскі, аднак хадзіць на пратэсныя акцыі ўжо не магла: «Патрэбны быў нейкі час, каб проста вярнуцца ў ранейшы стан і хадзіць з нармальнай хуткасцю, не кульгаючы».

Кампенсацыі Лубнеўская не атрымала. Спачатку траўму прызналі вытворчай, праз гэта Дзяржінспекцыя працы нават хацела аштрафаваць выданне. У выніку, расказвае журналістка, да штрафу справа не дайшла, але некалькі месяцаў таму ёй прыйшло паведамленне ад Белдзяржстраху, які прыстрашыў спагнаць з яе кошт бальнічнага, аплачанага кампаніяй.

Як тлумачыла Лубнеўская ў фэйсбуку, для справаздачнасці Белдзяржстраху быў патрэбны дакумент аб закрыцці справы, узбуджанай па факце стральбы. Аднак Следчы камітэт раз за разам адказваў, што праверка працягваецца. Крымінальную справу ў выніку так і не завялі, а ў апошнія месяцы СК і зусім спыніў перапіску, таму страхавая кампанія вырашыла спагнаць грошы з самай пацярпелай.

У ліпені 2021 года журналістка пакінула Беларусь пасля ператрусаў у рэдакцыі «Нашай Нівы» і затрымання калег.

«Шуфлядка» спытала Наталлю, ці не зрабіла б яна нешта іначай 10 жніўня 2020 года, калі б ужо тады ведала, у якім кірунку будуць развівацца падзеі ў краіне потым. Яна адказала: «Што тычыцца маёй працы ў полі, ісці — не ісці, то не».

— Я б дзейнічала гэтак жа, бо я нічым не парушала закон і прытрымлівалася стандартаў і правілаў, якім належыць прытрымлівацца журналісту. Я не ведаю, што можна было б зрабіць інакш, — кажа яна.

З падзей апошніх двух гадоў Лубнеўская вылучае для сябе два самыя важныя. Першае — разгром рэдакцыі «Нашай Нівы» і прысуд галоўрэду Ягору Марціновічу і начальніку аддзела рэкламы Андрэю Скурко.

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Другое — вайна ва Украіне.

— Не тое каб магчыма было прывыкнуць да таго, што ў тваёй краіне адбываецца, але, здаецца, з гэтым неяк навучыліся жыць, — разважае яна. — Калі здарылася вайна, гэта зноў перайначыла ўсё і, мне здаецца, змяніла вельмі многае як для тых, хто застаецца ў краіне, так і для тых, хто за мяжой. Зараз вось ты за мяжой і, здавалася б, можна адчуваць сябе ў бяспецы. Але цяпер, ведаючы што ў любы момант, напрыклад, беларускія ўлады вырашаць уступіць у вайну больш адкрыта і беларусы, якія зараз за мяжой, стануць непажаданымі там — ты таксама не можаш адчуваць сябе спакойна. Гэта калі глядзець на побытавы ўзровень, не кажучы ўжо а глабальным.

Усё астатняе, прызнае Наталля, цяпер адступіла на другі план і «праходзіць не настолькі заўважна, як гэта».

— Я не загадваю планы. Не ведаю. Працягваць працаваць журналістам. Ну і захаваць неяк цвярозы розум ва ўсіх гэтых падзеях, паспрабаваць захаваць эмпатыю, эмацыйную ўстойлівасць і адчувальнасць. Пасля столькіх падзей я па сабе разумею, што на многае рэагуеш ужо не так востра, хаця ўзровень абсурду ў роднай краіне застаецца такім ж высокім — вышэй, напэўна, стаў, чым раней. Ну і не забыцца, нягледзячы на тое, што, можа, і хацелася б неяк вярнуцца да асабістага жыцця, нармальнага. Немагчыма забыцца на тое, што адбывалася. Бо дагэтуль і калегі знаходзяцца ў турме — і яшчэ больш за тысячу палітвязняў, — кажа яна.

Андрэй. «Бандыты напалі. Як яшчэ можна ацаніць?»

Увечары 9 жніўня Андрэй быў у Мінску і апынуўся ля стэлы.

— Патэлефанаваў сябар, сказаў, маўляў, ты бачыў, чаго там намалявалі? Ну, уласна, і ўсё. Я здзівіўся, вельмі моцна раззлаваўся, выклікаў таксі і паехаў, — успамінае ён.

Малады чалавек стаяў у счэпцы ў першых шэрагах перад сілавікамі. Людзі, якія сабраліся каля стэлы, спачатку спадзяваліся, што іх не будуць разганяць, успамінае ён. «Таму што там не было такіх, ведаеце, абразлівых лозунгаў. Былі лозунгі ў асноўным: "Міліцыя з народам!", "Апускайце шчыты!"— і ў гэта сапраўды верылася», — прызнаецца Андрэй.

У нейкі момант, працягвае ён, пратэстоўцы пачалі барыкадаваць дарогу — тут яму здалося, што справа «пачынае папахваць нечым дзіўным».

— Ну і на нейкім этапе проста кінулі святлошумавую гранату ў натоўп. Адна з першых трапіла ў мяне — ну, побач са мной выбухнула. Ну і ўсё: шок, разуменне, што нанесеная вялізная шкода арганізму. Усе пачалі ўцякаць, разбягацца, я пачаў прасіць хлопцаў: «Тыпу дапамажыце, са мной нешта не так». Нейкая дзяўчына з хлопцам спыніліся, дапамаглі мне дайсці. Адразу ж пачалі прыязджаць да нас машыны хуткай дапамогі. Уласна, у адну з гэтых машын мяне пагрузілі і павезлі ў ваенны шпіталь, — расказвае хлопец.

У шпіталі Андрэю дыягнаставалі апёкі рознай — ад першай да трэцяй —ступені і аскепкавыя раненні ад разрыву гранаты. Спачатку ён не мог хадзіць. Усяго ў шпіталі прыйшлося правесці каля двух тыдняў, пасля Андрэй яшчэ тыдзень заставаўся на бальнічным дома. Праблем на працы не ўзнікла: «Усе ўсё выдатна разумелі». На тым жа месцы ён працягвае працаваць і цяпер.

Наступствы ранення даюць ведаць пра сябе дагэтуль.

— У мяне адно вуха горш чуе, пастаянна шум у гэтым вуху, нага на перапады надвор’я балець пачынае. Вядома, гэта ўсё адбіваецца, — кажа Андрэй.

Роўна праз месяц пасля ранення дадому да яго прыйшлі сілавікі. Яны не паказалі пастанову на ператрус, павярхоўна агледзелі квартіну і намякнулі, што Андрэю «свеціць дзясятка». Пасля гэтага яго адвезлі ў Следчы камітэт у якасці сведкі, але адпусцілі пасля допыту — і з тых часоў не турбавалі.

Заявы на сілавікоў, якія кінулі ў яго светлашумавую гранату, Андрэй не падаваў: «Які сэнс?» Ён мяркуе, што калі б пачаў паскардзіўся, то да яго б «прыйшлі»: «Спытаць, ці не хачу я забраць заяву і ці я не экстрэміст».

«Шуфлядка» спытала маладога чалавека, ці не зрабіў бы ён інакш, калі б зноў апынуўся ля стэлы 9 жніўня 2020 года, і як праз два гады ацэньвае тыя падзеі.

«У сваіх дзеяннях я не змяніў бы нічога. А як я ацэньваю? Цяжка падабраць словы. Бандыты напалі. Як яшчэ можна ацаніць?» — адказаў ён.

Ещё 25 статей