«Я неяк вырашыў паглядзець, з чым там у нас рыба. Стужачныя чарвякі, значыць». Былыя палітвязні расказваюць пра ежу, працу і медыцыну ў калоніях
Ганна Камлач
«Я неяк вырашыў паглядзець, з чым там у нас рыба. Стужачныя чарвякі, значыць». Былыя палітвязні расказваюць пра ежу, працу і медыцыну ў калоніях
25 августа 2022, 15:12

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

З 2020 года калоніі бесперапынна папаўняюцца палітвязнямі. Пра тое, у якіх умовах яны адбываюць пакаранне, не заўсёды могуць расказаць нават іх сваякі. Распытаць пра жыццё ў няволі можна хіба што на рэдкіх спатканнях, бо за тым, пра што кажуць зняволеныя падчас званкоў, сочаць пільныя супрацоўнікі калоніі, а лісты ўважліва вычытваюць цэнзары. «Медыязона» паразмаўляла з былымі зняволенымі, каб разабрацца, як уладкаваны побыт у калоніях.

Каранцін. Маленькія камеры і вярбоўка

Пасля пераводу з СІЗА ў калонію асуджаныя трапляюць на каранцін, які падчас «кавіду» доўжыўся два-тры тыдні. Яўген, які нядаўна вызваліўся з ВК-22 у Даманава, кажа, што цяпер новапрыбылых зняволеных ізалююць на пяць-сем дзён.

Памяшканне для каранціну — гэта камера чатыры на чатыры метры, успамінае актывіст Аляксей Раманаў, які адбываў пакаранне ў Глыбоцкай калоніі №13. Да падлогі прыкручаныя стол і жалезныя двух’ярусныя ложкі, а ацяпленне амаль не працуе — «калі каля батарэі цёпла, то добра», кажа ён. У камеры, дзе знаходзіўся Раманаў, не зачынялася акно, таму ў яе трапляў снег.

«Зімой нельга надзець целагрэйку — забаронена знаходзіцца ў памяшканні ў верхняй вопратцы. Цэлы дзень бегаеш, скачаш — так і выжывалі», — успамінае былы вязень.

Міхаіл адбываў пакаранне ў ВК-2 у Бабруйску. Ён расказвае, што тры тыдні каранціну ад пад’ёму да адбою праводзіў на вуліцы.

«У 5:40 пад’ём, потым праверка і сняданак. Паснедалі і зноў на вуліцы — так да вечара ходзіш туды-сюды коламі. Нас запускалі ў памяшканне за гадзіну да адбою», — кажа былы вязень.

У каранціне, расказвае Яўген, «на знаёмства» са зняволенымі прыходзяць супрацоўнікі аператыўна-рэжымнага аддзела або начальнік калоніі. Падчас размовы яны распытваюць, як асуджаны апынуўся ў калоніі, а ў некаторых выпадках «вярбуюць» тых, хто згодны на супрацоўніцтва з адміністрацыяй.

«Асуджаных на невялікія тэрміны часцей за ўсё вярбуюць у аператыўны аддзел і прапануюць ім дакладваць на іншых асуджаных аб тым, як яны парушаюць рэжым. За гэта атрымліваюць нейкія выгоды, "скашчухі", дадатковыя спатканні. На іх не пішуць рапарты», — тлумачыць Яўген.

Сакрэтнае супрацоўніцтва з адміністрацыяй не прапаноўваюць «жоўтабірачнікам» — асуджаным, якіх паставілі на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў», расказвае Яўген. Але досвед Аляксея Раманава кажа пра іншае:

«Мяне з першага дня прыбыцця ў зону апрацоўвалі, а калі быў у шпіталі на лячэнні, дык кэдэбіст прыходзіў, прапаноўваў працаваць на іх», — сцвярджае ён.

Пакуль зняволеныя знаходзяцца ў каранціне, іх размяркоўваюць па атрадах. У гэты час начальнікі атрадаў вырашаюць, на якім участку прамзоны будуць працаваць новапрыбылыя.

Умовы. Ежа з чарвякамі і лазня раз на тыдзень

Баракі, у якіх жывуць зняволеныя, паводле іх слоў, нагадваюць інтэрнаты. Яны падзелены на некалькі сектараў, а тыя — на некалькі секцый. Секцыя — гэта пакой, падобны да казармы, у якой стаяць двухпавярховыя нары. Суразмоўцы «Медыязоны» называюць розную колькасць людзей, на якую разлічаныя секцыі — ад 9 да 28, але адзначаюць, што ёсць пакоі паменш, «чалавек на 5».

«Там жылі брыгадзіры атрада і іншая нечысць», — тлумачыць Міхаіл.

Акрамя такіх пакояў у сектарах ёсць агульная кухня з чайнікамі і лядоўнямі, санвузел, каморы, дзе захоўваюцца рэчы зняволеных, і распранальня для верхняй вопраткі.

Адзін раз на тыдзень асуджаных водзяць у лазню. Памыцца можна і пасля працы на прамзоне, але трэба спяшацца, каб паспець да вячэрняй праверкі. На змене працуе шмат людзей, а краны ўсяго тры, кажа Яўген пра калонію №22.

У атрадзе зняволеным забаронена мыцца — трэба чакаць «лазневы» дзень. Міхаіл расказвае, як зняволеныя выходзілі са становішча: «кіпяцільнікам грэлі ваду ў 10-літровым вядры, а потым з кубка сябе палівалі. Нельга ў атрадзе мыцца, але мыліся ўсе».

Паміж некалькімі баракамі знаходзіцца двор з планам і месцам для курэння. Раніцай і ўвечары асуджаныя выходзяць на пляц для праверкі.

«Восем крокаў у шырыню і 52 сярэднія крокі ў даўжыню — там змяшчалася больш за 360 чалавек. Уяўляеце, які там гармідар?» — пытаецца Аляксей.

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Пасля ранішняй праверкі зняволеныя ідуць на сняданак у сталовую. Паводле слоў суразмоўцаў «Медыязоны», якасць ежы ў калоніі пакідае жадаць лепшага.

«Ежа добрая, але лепш у ёй не калупацца. Я неяк вырашыў паглядзець, з чым там у нас рыба. Стужачныя чарвякі, значыць. З рыбы так трошкі скурку здымаеш — опа, чарвячкі. Адзін раз у рысавай кашы знайшоў апарышаў. Лепш не глядзець на тое, што табе даюць — хуценька з’еў і вольны», — успамінае Міхаіл.

Паводле слоў Аляксея, у сталовай ВК-13 «ніхто не еў» — зняволеныя сядзелі за сталом, забіралі хлеб і сыходзілі.

«Як дадуць сінюю сечку або што-небудзь яшчэ сапсаванае, тухлае — ясі, а яно з пахам. Там рэальна несла, прабачце мяне, нечыстотамі», — расказвае ён.

У меню ВК-22, кажа Яўген, не было «нічога страшнага», але тым, хто «спальваў шмат калорый на прамзоне», ежы не хапала.

«Стамляешся ад сечкі 12 разоў на тыдзень. Але бывалі і пельмені. 1 студзеня зранку далі дранікі, таму жыць можна», — кажа ён.

Вольны час. Афіцыйны і неафіцыйны

Пасля сняданку зняволеныя вяртаюцца ў атрад — да абеду ў іх ёсць некалькі вольных гадзін. Міхаіл кажа, што вольнага часу ў калоніі «настолькі шмат, што не ведаеш, чым заняцца», калі не браць дадатковыя змены на прамзоне. Яўген лічыць, што часу на свае заняткі і атрадныя мерапрыемствы ў зняволеных не так ужо і шмат.

«Важна разумець розніцу паміж афіцыйным баўленнем часу і неафіцыйным. Фактычна зэкам не дазваляецца нават сядзець на нарах. Ты павінен на працягу дня, калі ты не на промцы, сядзець на табурэтцы або ў клубе на лекцыі. Ці хадзіць па секцыі туды-сюды», — кажа ён.

Зняволеныя могуць запісацца на гурткі і спартыўныя секцыі, расказвае Яўген, але не ўсё так проста. Варыянтаў баўлення часу «па паперах» дастаткова, але на практыцы асуджаныя сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі, тлумачыць ён.

«Можна было вучыцца граць на гітары або барабанах. Песні спяваць можна было, слухаць лекцыі, маляваць насценгазеты, хадзіць на валейбол, футбол, баскетбол, на варкаўт, — працягвае Яўген. — У секцыях былі шахматы, нарды, даміно. Але калі, напрыклад, ты пайшоў адзначаць прафулік і пакінуў нарды адкрытымі на стале, а ў гэты час начальнік рэжымнага аддзела рабіў абыход, то нарды ён выкіне, а на цябе напіша рапарт. Для таго, каб запісацца на які-небудзь варкаўт, трэба было прайсці сем колаў пекла. Было дастаткова шмат амаль бюракратычных цяжкасцей».

Часам адміністрацыя калоніі праводзіла ў клубе канцэрты для зняволеных. Аднойчы там паставілі рынг і зладзілі спаборніцтвы па боксе паміж асуджанымі, успамінае Міхаіл. Часцей за ўсё ў клубе праходзілі лекцыі — яго атрад слухаў пра шкоду наркотыкаў.

«У мяне атрад быў былы "наркаманскі " — усю лакалку па 328 сабралі. Потым ужо крыху разбавілі іншымі зэкамі», — кажа ён.

Лекцыі, якія чыталі ў ВК-22, былі разнастайнейшымі. Іх часцей за ўсё праводзілі супрацоўнікі з малодшага афіцэрскага складу — расказвалі пра герояў ВАВ, успамінае Яўген. Начальнікі рэжымных аддзелаў, якія «па дакументах павінны штодня чытаць лекцыі, баяцца пытанняў, на якія не ў стане адказаць», лічыць ён.

Зняволеныя-вернікі могуць хадзіць у царкву ці малітоўны пакой. У пэўны дзень туды прыязджае святар. Памаліцца асуджаныя маглі і адны — для гэтага трэба напісаць заяву на наведванне царквы, расказвае Аляксей.

«Ідзеш строем памаліцца. Там іконы, можна свечку паставіць», — успамінае ён.

У атрадзе ёсць пакой з тэлевізарам, адкрыты некалькі гадзін на дзень. Часам зняволеных адпраўлялі туды глядзець навіны ў якасці атраднага мерапрыемства, але часцей за ўсё яны самі ўключалі фільмы ці музыку, кажа Міхаіл.

Больш за ўсё часу суразмоўцы «Медыязоны» праводзілі за чытаннем і адказамі на лісты. У бібліятэку нельга было хадзіць самастойна — трэба было чакаць, пакуль вызваліцца суправаджальнік. Героям тэксту ўдавалася хадзіць па кнігі прыкладна раз на тыдзень.

«Я прачытаў [за пяць месяцаў], згодна з бібліятэчнай карткай, 97 кніг. Чытальнай залы там не было, трэба было забіраць кнігі з сабой. У тумбачцы забаронена захоўваць больш за дзве кнігі», — расказвае Яўген.

Многія лісты, паводле яго слоў, не праходзілі праверку цэнзара. У Міхаіла не было вялікіх праблем з карэспандэнцыяй да студзеня 2022 года — з гэтага часу ён не атрымаў ніводнага «ліста салідарнасці».

Праца. «На метал» размяркоўваюць  «самых непаслухмяных»

Пасля некалькіх вольных гадзін і абеду большая частка зняволеных адпраўляецца працаваць на прамысловую зону. Абавязковай з’яўляецца адна змена на некалькі гадзін, але асуджаныя могуць узяць і другую змену. Многія робяць так, каб забіць час, упэўнены Міхаіл.

Некаторыя зняволеныя працуюць у жылой зоне — медчастцы, клубе або цырульні. Паводле слоў Яўгена, такой магчымасці няма ў асуджаных, якія знаходзяцца на «экстрэмісцкім» прафуліку — гэта сакрэтнае правіла.

На прамзоне ў ВК-22 можна працаваць на дрэваапрацоўцы, з жалезабетоннымі вырабамі, на швейнай вытворчасці і перапрацоўцы металу.

Пасля каранціну адміністрацыя размеркавала Яўгена на дрэваапрацоўку, але неўзабаве — у якасці пакарання — яго перавялі на перапрацоўку металу.

«Я меў неасцярожнасць сказаць кіраўніку сталярнага цэха, што ён займаецца адкрытым глупствам — ператварае якасную драўніну ў нейкія пілавінне і наадварот, з нейкага сіняга гнілога лесу спрабуе зрабіць мэблевыя шчыты для Ікеі. За гэта я хутка трапіў на метал», —тлумачыць ён.

Яўген кажа, што «на метал» размяркоўваюць «самых непаслухмяных». У цэху зняволеныя займаюцца перапрацоўкай чорнага металу і разбіраюць на каляровы метал драты, якія прывозяць з заводаў і вайсковых частак.

Такой жа працай займаюцца і ў ВК-13 — туды прывозяць старыя запчасткі, з якіх асуджаныя здабываюць медзь.

«Пры мне двое чалавек сабе разбілі сківіцы — зубы павыбівалі кувалдамі. Адзін адрэзаў сабе палец на самаробным станку. Цыган адзін з маёй секцыі ўдарыў па электраматоры — галава кавадла адляцела яму проста ў твар. Сківіцы паламала і зубы выбіла», — згадвае Аляксей.

Паводле слоў Яўгена, ВК-22 заключыла дамову з кампаніяй «Белтэлекам», якая пастаўляе ў калонію «тоўстыя кабелі па 60-70 жыл» — з іх атрымліваюць медны дрот. Такія кабелі, кажа былы вязень, амаль немагчыма разабраць рукамі, таму іх проста спальвалі. Чорны дым, які ўздымаўся над лесам, заўважылі эколагі. Яны некалькі разоў прыязджалі ў калонію — тады адміністрацыя забараняла спальваць правады. Тое ж самае адбывалася, калі з праверкай прыязджалі чыноўнікі, запэўнівае Яўген.

«"Белтэлекам" ведае, што гэты кабель там паляць. Самі яны яго ўтылізаваць або перапрацаваць нейкім адэкватным чынам не ў стане, бо для гэтага трэба выплачваць велізарныя падаткі. А вось зэкі проста на палігоне ўсё гэта спальваюць. Потым прыязджае лясгас, і мы хаваем усе гэтыя бочкі, усе гэтыя рэйкі для абпалу. Робім выгляд, што ўсё гэта зачышчаюць рукамі», — расказвае ён.

Паводле яго слоў, уручную разабраць дзённую норму вельмі складана. Аднойчы, кажа Яўген, зняволеныя папрасілі начальніка цэха паменшыць яе.

«Прыйшоў дырэктар і сказаў, што ён цяпер сам рукамі разбярэ 90 кілаграм і павялічыць нам норму. Разабраць паспеў за некалькі гадзін усяго паўтара кілаграма, але норму нам чамусьці не паменшыў», — смяецца ён.

У ВК-2 зняволеныя могуць працаваць у сталярным цэху або вырываць металічны корпус з сырой гумы, якую пастаўляе «Белшына». За дзве гадзіны, расказвае Міхаіл, зняволеныя мусілі апрацаваць кілаграм сырой гумы. За невыкананне нормы асуджаных адпраўлялі ў ШІЗА. Працу «на гуме» не аплачвалі, а тым, хто працаваў на дадатковай змене, плацілі рубель у месяц.

«75% зарплаты сыходзіць на камуналку, на харчаванне — на асабовы рахунак падала 80 капеек, неяк раз упала два рублі», — расказвае пра заробак у ВК-22 Яўген.

Аляксей не працаваў у калоніі па стане здароўя — тады ў яго была другая група інваліднасці ў сувязі з анкалогіяй: «на кішэчніку аперацыя была: выдаленая траціна страўніка, на той момант было выдалена 16 сантыметраў кішэчніка, селязёнка, тры чвэрці падстраўнікавай залозы».

Меддапамога. Недавер лекараў і складанасці з бальнічнымі

У калоніі медыкі выявілі ў Аляксея новую пухліну, але везці яго на аперацыю ў Мінск адмаўляліся праз квоту на людзей — рэспубліканская бальніца, арганізаваная ў СІЗА-1 з некалькіх камер, была запоўненая.

«Людзі на волі пісалі петыцыю, каб мяне адправілі на лячэнне. Мяне выклікала начальнік медчасткі і кажа: "Што гэта за цябе так непакояцца, што патэлефанавалі з УВП і сказалі, каб у тэрміновым парадку цябе адправілі ў рэспубліканскую бальніцу?"» — успамінае ён.

У СІЗА-1 лекар Раманава прапанаваў яму даць інтэрв’ю і паабяцаў, што за гэта яго адпусцяць з калоніі.

«Падышоў маёр — мой так званы лекар — і кажа: "Слухай, чаго тут сядзець? Табе засталося паўгода, памрэш хутка. У цябе ж пухліна пайшла [далей]. Давай інтэрв’ю і паедзеш дадому". Я пагадзіўся на гэта інтэрв’ю, падумаў: "І праўда, чаго тут паміраць? На могілкі нумарныя закінуць, будзеш безыменны"», — кажа былы вязень.

Аперацыю адклалі «праз спякоту», а Раманава, нягледзячы на тое, што ён даў інтэрв’ю дзяржаўнаму агенцтву «Мінск-Навіны», вярнулі ў калонію.

Медчастка ў калоніях нагадвае гарадскую бальніцу, гавораць суразмоўцы «Медыязоны». Адрозненне ў тым, што на ўваходзе стаяць краты, а зняволеныя не могуць вольна хадзіць па кабінетах.

«З сабой тэпці трэба ўзяць, пераабуваешся там, распранаешся і чакаеш, калі цябе паклічуць. Камусьці трэба было хадзіць па таблеткі. Хадзілі па адным, па два чалавекі. У фае чарга такая здаровая, і да кабінета пускаюць па адным», — расказвае ён.

У медчастцы можна зрабіць рэнтген, кардыяграму і здаць аналізы.

«Калі сур’ёзна захварэў, можна легчы. Калі ўспышка кавіду была, некаторых закрывалі на бальніцу. Увосень зона наогул успыхнула, і многіх людзей замкнулі ў асобны барак. Забаронена было ў лістах пісаць, што ў нас ўспышка кавіду, і па тэлефоне нельга было казаць», — гаворыць Міхаіл.

Паводле слоў Яўгена, лекары не вераць зняволеным, якія скардзяцца на здароўе, таму каб атрымаць бальнічны, «павінна ўжо нешта адвальвацца».

«Калі скажаш, што ў цябе баліць спіна, нешта зашчыміла або апендыцыт, то табе дадуць ібупрафенінку. Таблеткі даюць без праблем, а бальнічныя не», — тлумачыць ён.

У ВК-22 лекара могуць выклікаць проста ў секцыю да зняволенага, а ў медчастку можна трапіць кожны дзень, кажа Яўген. У калоніі №2, паводле слоў Міхаіла, запісацца да ўрача можна толькі ў пэўныя дні, а без запісу ў медчастцы не прымаюць.

«Калі рэзка забалела, то нічога не зробіш. Можна нешта з таблетак знайсці ў сваіх на атрадзе», — кажа ён.

Міхаіл успамінае, як аднойчы прыйшоў на прыём да стаматолага — трэба было разрэзаць дзясну.

«Можа, замест абязбольвальнага мне фізраствор укалолі, але гэта было вельмі груба і балюча. Ніякага прафесіяналізму там няма. У мяне гэта пачалося, калі я яшчэ сядзеў у ШІЗА. У мянтоў прасіў нейкае абязбольвальнае, яны ржалі, прапаноўвалі выбіць нафіг зуб», — кажа ён.

Пакаранні. За размовы ў страі і пра палітыку

У ШІЗА Міхаіл трапляў чатыры разы. Упершыню яго пакаралі пяццю суткамі ў ізалятары за няправільна складзены вопіс рэчаў — яшчэ падчас каранціну. У штрафным ізалятары да яго ўжылі яшчэ адно спагнанне: пазбавілі пасылкі за тое, што на дзесяць хвілін праспаў пад’ём.

«Я тады наогул не ведаў, як там каманда пад’ём выконваецца», — тлумачыць ён. У каранціне Міхаіла пазбавілі працяглага спаткання за тое, што ён не прыбраў за тумбачкай.

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

«Такія падставы ў начальніка каранціну былі пастаўленыя на паток. Менавіта палітычных за прыборку», — лічыць Міхаіл.

Чарговыя суткі ў штрафным ізалятары былы зняволены атрымаў за тое, што працаваў без ахоўных акуляраў (паводле яго слоў, без акуляраў працуюць усе, але рапарт склалі менавіта на яго), за размовы ў страі і канфлікт з іншым асуджаным.

«Адзін аднаму далі па мордзе, і нас мянтам здаў старэйшы днявальны. За канфліктную сітуацыю — месяц ШІЗА», — тлумачыць ён.

Паводле слоў Міхаіла, зняволеных маглі пакараць за размовы пра палітыку — у ВК-2 гэта было негалосным правілам.

«Там стукач кожны другі. Асабліва актыў, які ходзіць з павязкамі. Ім жа трэба неяк хутчэй вызваліцца, дадатковы званок атрымаць або пасылку. Ёсць днявальны, старэйшы днявальны, нехта ў сталоўку водзіць, нехта ў бальнічку  — чырвонапавязачнікі», — расказвае былы вязень.

Зняволенага, які парушыў унутраны парадак, адпраўляюць на камісію да начальніка калоніі. Перад гэтым ён павінен прайсці медыцынскае абследаванне і атрымаць даведку пра тое, што можа сядзець у ШІЗА. Міхаіл расказвае, што пасяджэнні камісій па парушэннях пастаўленыя на паток — зняволеныя сядзяць у клетках і чакаюць, пакуль іх адвядуць да начальніка.

«Да начальніка падводзяць — рукі па швах, робіш даклад. Потым яму зачытваюць рапарт. Начальнік атрада можа яшчэ пахадайнічаць аб пакаранні, але рашэнне прымае менавіта начальнік калоніі», — кажа Міхаіл.

Ён упэўнены, што да палітычных у адміністрацыі калоніі асаблівае стаўленне — іх пакаранне можа працягвацца незалежна ад паводзінаў.

«Як бы ты сябе ідэальна не паводзіў, калі на цябе ёсць заказ, ты будзеш сядзець там і 10, і 20 сутак дадаткова», — лічыць ён.

Пасля трох парушэнняў зняволены становіцца «злосным парушальнікам» і не можа прэтэндаваць на замену рэжыму ці ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Акрамя таго, «злоснікам» прызначаюць ліміт на штомесячную куплю прадуктаў — выдаткаваць можна ўсяго 64 рублі.

«Гэта робіцца спецыяльна, каб сядзелі да канца. Абяцаюць: "Вось будзеш нармальна сядзець, пойдзеш па УДВ". А калі я ў атрад падняўся, мент сказаў, што я буду з імі да канца, да пераможнага», — кажа былы вязень.

Стаўленне да палітвязняў. Заўсёды другі ярус і на ўваходзе

Са слоў Яўгена, многія афіцэры вышэйшага звяна нейтральна ставіліся да звычайных палітвязняў, але палітычных з гучнымі справамі «прэсавалі». Сярод малодшага афіцэрскага складу знаходзіліся і тыя, хто спачувалі палітвязням, а вось сярэдні афіцэрскі склад быў «самым непрадказальным і небяспечным», лічыць былы вязень.

«Гэта рэжымнікі — нешта сярэдняе паміж кантралёрамі і начальнікамі. Людзям далі маленькую ўладу, і яны ўжо злавілі зорку, а адукацыя ў іх тры капейкі. Яны паводзілі сябе непрыгожа не толькі ў дачыненні да палітычных, а да ўсіх запар», — кажа ён.

«Палітыкі» некалькі разоў на дзень выходзілі адзначаць «экстрэмісцкі» прафулік — зняволеных з жоўтымі біркамі пералічвалі на пляцы. На «жоўтабірачнікаў» часцей складалі рапарты, ім больш складана было трапіць у секцыю ці гурток, пералічвае Яўген.

«[У ВК-2] палітычных трымалі ў тонусе. У адной секцыі ўдваіх ніколі не трымаюць, не засяляюць. Заўсёды другі ярус і на ўваходзе. Жоўтабірачнікі ў пачатку строю заўсёды. Нехта можа спакойненька пагаварыць, а да жоўтабірачнікаў такое стаўленне, што арыштоўваюць адразу», — кажа Міхаіл.

Паводле яго слоў, іншыя зняволеныя ставіліся да «палітычных» нармальна, але «сяброўства не вадзілі» — такое негалоснае правіла.

«У асяроддзі арыштантаў першапачаткова існавала меркаванне, што палітычныя — не зусім правільныя зэкі і ледзь не павінны трымацца па-за агульнай масай. Калі ў 2020 годзе стаўленне яшчэ было насцярожанае і непрыяцельскае, то крыху пазней стала папулярным такое тлумачэнне: раз палітычных спрабуюць у нечым ушчамляць самі мянты, то іншыя зэкі не павінны ва ўгоду мянтам ушчамляць палітычных», — тлумачыць Яўген.