«Каб мець права жыць у іншай краіне, трэба было адмовіцца ад сваёй Радзімы». Гісторыя эмігранткі з Гомеля, якая стала мэрам у ЗША
Ганна Камлач|Михаил Полозняков
«Каб мець права жыць у іншай краіне, трэба было адмовіцца ад сваёй Радзімы». Гісторыя эмігранткі з Гомеля, якая стала мэрам у ЗША

Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

Ларыса Свечын з Гомеля пераехала ў ЗША разам з сям’ёй у канцы сямідзесятых. У 2022 годзе яна стала мэрам горада Сані-Айлс-Біч, абышоўшы сваю апанентку на некалькі дзясяткаў галасоў. Свечын расказала «Медыязоне» пра эміграцыю, шлях да палітыкі і сувязі з Беларуссю.

З Гомеля ў Маямі-Біч

Ларыса Свечын пераехала ў ЗША з Гомеля разам з бацькамі і дзвюма сёстрамі ў 1979 годзе, калі ёй было шэсць гадоў. Бацькі, як кажа Ларыса, былі «простымі людзьмі» — мама працавала ў сталовай, а тата вазіў прадукты.

— Тады гэта была вельмі важная праца: была магчымасць есці дома тое, што мы хацелі. Падчас Савецкага Саюза гэта было вельмі цяжка, — успамінае Свечын.

Бацька Ларысы — габрэй — даведаўся, што можа разам з сям’ёй атрымаць у ЗША прытулак па рэлігіі. Паводле слоў Ларысы, ён «адчуваў, што нам трэба было з’язджаць», хоць блізкія былі супраць. Сваякі казалі, што «Амерыка — страшнае, дрэннае месца», але сям’я вырашыла рызыкнуць.

— Я ніколі не забуду, як глядзела на бабулю і ўсіх сваякоў. Я ў той момант зразумела, што іх ніколі не ўбачу. І гэта было вельмі страшна, — успамінае Ларыса.

Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

Сям’я прыехала ў Маямі-Біч. У канцы сямідзесятых гэта быў бедны горад, поўны эмігрантаў — «не як цяпер, што ўсе там любяць шпацыраваць, а вакол акторы і тусоўкі», расказвае Ларыса.

Праз два гады забыліся рускую мову

У кватэры, дзе спачатку пасялілася сям’я, быў «мільён прусакоў», успамінае Ларыса. Умовы для жыцця былі значна горшыя, чым у Беларусі — там застаўся дом, машына, тэлевізар і наогул «усё, што трэба».

— Усю вопратку нам хтосьці падарыў, а ў Беларусі ў нас было ўсё сваё, мы добра жылі, — кажа Ларыса.

Бацькі Ларысы шмат працавалі, а вечары праводзілі за заняткамі ангельскай. Бацька ўладкаваўся таксістам, а маці — служанкай. Тады гэта было «тыповай працай для людзей з Савецкага Саюза».

— Мама ў тыя часы зарабляла недзе 1,25 долара за гадзіну. Уяўляеце, колькі трэба было працаваць, каб заплаціць за кватэру? Мы плацілі прыкладна 400 долараў у месяц. Бацькі вельмі шмат працавалі і хутка знайшлі кватэру без прусакоў, а потым змаглі купляць нам новую вопратку.

У дзяцінстве яна не разумела, чаму ім давялося з’ехаць з Беларусі і «да 16-17 гадоў марыла, што паляціць дадому, калі бачыла ў небе самалёт», часта ўспамінала Гомель.

— На шафцы, дзе я пакідала рэчы ў садку, вісела літара Х — у кожнага дзіцяці была свая літара алфавіту. Я памятаю, што зімой было вельмі прыгожа і мы насілі валёнкі. Памятаю ялінку кожны год — для мяне яна была самая велізарная. У нас быў вялікі сад — яблыкі, грушы, маліны. А яшчэ аўчарка Альфа — сваю аўчарку я так назвала.

Амерыканская газета The Miami Herald аповедам пра сям’ю Ларысы, 1981 г. Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

Жанчына прызнаецца, што ў дзяцінстве ёй не хапала знаёмых з Беларусі — у Гомелі засталіся сяброўкі і, як тады здавалася, «усё жыццё». З Ларысай і сёстрамі ў амерыканскай школе «не хацелі сябраваць» — іншыя дзеці называлі іх «камуністамі» і «габрэямі». Разам з сёстрамі Ларыса хутка вывучыла англійскую: праз год яны размаўлялі без акцэнту, а праз два «забыліся рускую».

— Мы не маглі, напрыклад, павіншаваць бабулю з днём нараджэння. У нас не было рускамоўных сяброў, тэлевізар глядзелі на англійскай, размаўлялі з іспанамоўнымі дзецьмі. За кароткі тэрмін дзеці «сталі амерыканцамі», як і хацелі бацькі.

У 1987 годзе сям’я пераехала ў Сані-Айлс-Біч — курортны горад за паўгадзіны язды ад Маямі-Біч, дзе было таннейшае жыллё.

Нью-Ёрк, Расія і пераезд бліжэй да пажылых бацькоў

Пасля школы Свечын з’ехала вучыцца ў Нью-Ёрк, атрымала бакалаўра філасофіі і этыкі. Падчас вучобы Ларыса працавала ў рэстаране — спачатку афіцыянткай, потым стала менеджарам. У 1996 годзе жанчына нават ездзіла працаваць у Расію па прапанове сяброўкі — яе маці адкрыла ювелірны бізнес. Але там, прызнаецца Свечын, нічога не выйшла, і яна вярнулася ў ЗША.

У Нью-Ёрку Ларыса ўладкавалася ў рэкламнае агенцтва і «пачала завіхацца, як бацькі». Праз год ёй паднялі заробак з 28 тысяч долараў да 45 у год, яна займалася буйнымі праектамі — кіравала рэкламай на суму больш за 300 мільёнаў, расказвае Свечын.

— Мая дачка ўвесь час пытаецца, чаму я пайшла ў палітыку, чаму мы з’ехалі з Нью-Ёрка, дзе я добра зарабляла, — смяецца яна.

Ларыса тлумачыць, што сышла з працы, каб прысвяціць вольны час сям’і. Разам з мужам яны вырашылі пераехаць у Сані-Айлс-Біч у 2009 годзе, калі жанчына была цяжарная трэцім дзіцем. Да гэтага муж і жонка шмат працавалі і не маглі надаваць дзецям дастаткова часу. Акрамя таго, Свечын хацела быць побач з пажылымі бацькамі.

— Я зразумела, што хацела, каб мае дзеці ведалі сваіх бабулю і дзядулю. Ведалі як людзей, а не карцінку ў галаве. Я наогул ні аднаго дзядулі не ведала. Адзін памёр на вайне, а другі яшчэ да таго, як я нарадзілася.

Валанцёр, віцэ-мэр і пройгрыш на выбарах

Ларыса кажа, што не збіралася займацца палітыкай, але трапіла туды дзякуючы валанцёрству.

— Для мяне было вельмі важна дапамагаць людзям, бо наша сям’я атрымала шмат дапамогі, калі прыехала, — кажа яна.

Паводле слоў Свечын, ролю адыграла і тое, што яна прывыкла шмат працаваць і заўсёды прыходзіць своечасова.

— У нас у курортным горадзе гэта незвычайна. Ёсць паняцце Miami time — можа, чалавек прыйдзе, а можа і не, але дакладна на гадзіну-дзве спозніцца, — смяецца яна.

У 2016 годзе Ларыса стала членам гарадской адміністрацыі. Свечын тлумачыць, што паўнамоцтвы дазваляюць больш эфектыўна дапамагаць людзям.

Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

— Напрыклад, трэба знайсці цацкі на Новы год для дзяцей з нейкай школы. Калі ты commissioner, людзі вельмі хутка пачынаюць дапамагаць, а калі ты валанцёр, з гэтым цяжэй, — кажа яна.

Праз два гады Свечын стала віцэ-мэрам горада — на гэтую пасаду яе абрала камісія з членаў гарадской адміністрацыі. З пачаткам пандэміі жанчына выконвала абавязкі мэра, які ў той час быў вельмі заняты праз працу ў кампаніі OneBlood.

— Я зразумела, што гэта тая пазіцыя, дзе я хачу працаваць. Для мяне цалкам натуральна быць in charge, бо я лідар. Я ведаю, як арганізаваць людзей, каб разам вырашаць і рухацца. Не проста размаўляць, а нешта рабіць, — кажа Ларыса.

Летась мэр вырашыў сысці з пасады раней за тэрмін — паводле слоў Ларысы, палічыў «несумленным», што яна «ўсё робіць як мэр, а афіцыйнай пасады ў яе няма». Пасля яго сыходу пачалася працэдура спецыяльных выбараў — трэба было вызначыць, хто зойме пасаду мэра да канца яго тэрміну.

Ларыса ўдзельнічала ў выбарах і 29 галасоў прайграла Дане Гольдман. Свечын прызналася, што засмуцілася праз пройгрыш, але гэта пайшло ёй на карысць — адышоўшы ад спраў у гарадской адміністрацыі, яна змагла па-іншаму паглядзець на мясцовыя праблемы.

Новыя выбары і перамога

Сёлета яна зноў вырашыла пазмагацца за пасаду кіраўніка горада. Перш за ўсё Свечын абмеркавала гэта з мужам і дзецьмі — тыя ўжо ведалі, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца падчас электаральнай кампаніі.

— Яны [апаненты] прыдумляюць усякі бруд пра мяне, і трэба быць гатовым ваяваць, — гаворыць яна.

Налепка на аўтамабілі з плакатам перадвыбарнай кампаніі. Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

Ларыса адзначае, што трэба ўлічваць выдаткі на рэкламу — напрыклад, флаеры, дзе напісана, «якая яна добрая і разумная», каштуюць ад 4 да 15 тысяч долараў. Трэба дадаць сюды рэкламу ў фэйсбуку, смскі і лісты выбарцам.

Свечын кажа, што шмат у чым яе падтрымаў муж, які працуе ў IT. Калі палічыць, колькі жанчына павінна была б заплаціць яму і людзям, якія дапамагалі ёй на валанцёрскіх пачатках, то электаральная кампанія абышлася б у 100 тысяч долараў замест 45. Ларыса адзначае, што яе каманда «сама сябе сабрала».

— Гэта былі людзі, якім надакучыла, як гэтая жанчына [Дана Гольдман] выдаткоўвала грошы, падтрымлівала праекты з асабістых сімпатый і карысталася горадам для сябе, — кажа яна.

Сакрэт перамогі, мяркуе Ларыса, у тым, што яны з паплечнікамі «не хлусілі і верылі, што ўсё робяць правільна». У сваёй праграме Свечын звяртала ўвагу гараджан на тое, «колькі грошай марнуюць на лухту».

— У нас вельмі багаты горад — бюджэт 158 мільёнаў за год. 100 тысяч долараў выдаткавалі на cleaning equipment — туалетная папера, швабры. Хіба гэта нармальна? Таму я кажу, што шмат грошай мы трацім на лухту, але баюся, што там можа быць нешта горай. Таму што адкаты тут часта бываюць, і гэта цяжка даказаць, — расказвае яна.

Ларыса збіраецца высветліць, што трэба гараджанам. Апошнім часам у Сані-Айлс-Біч прыехала шмат жыхароў з вялікіх гарадоў, і яны хочуць бачыць «больш культуры»: тэатраў, канцэртаў і іншых забаў мегаполісаў.

У мэра «амаль няма зарплаты»

Афіцыйна Свечын уступіць на пасаду з пятага студзеня. Перш за ўсё новы мэр хоча правесці сустрэчу з членамі гарадской адміністрацыі, каб запэўніць іх у тым, што яна не збіраецца нікога звальняць.

— У мінулым мой апанент палічыла, што city manager мяне падтрымлівае. На першым мітынгу ў снежні яна яго звольніла, — кажа яна.

Яшчэ адна важная задача — разабрацца з бюджэтам. Сустрэчы ў гарадской адміністрацыі таксама патрабуюць увагі — Свечын упэўненая, што трэба «задаць ім тон», каб на мітынгах «не было такога жаху».

— Учора крычалі, лямантавалі. Так сябе нельга паводзіць. Кім мы хочам быць? Мы ж лічым сябе самым лепшым горадам у Флорыдзе і наогул у Амерыцы. У нас больш мільярдэраў, чым у любым іншым горадзе. Напрыклад, [футбаліст Ліянэль] Месі будзе жыць у нашым горадзе, ён купіў тут кватэру, — расказвае яна.

Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

Зарплата кіраўніка горада паводле мерак ЗША зусім невялікая — прыкладна 28 тысяч долараў у год. Столькі яна зарабляла ў пачатку свайго кар’ернага шляху, смяецца Свечын.

— Гэта хутчэй грошы на пакрыццё выдаткаў. Тут зарплаты амаль няма, але, дзякуй Богу, мой муж добра зарабляе. Калі я добра зарабляла, я ўдала свае грошы invest, — тлумачыць яна.

Магчымасць стаць мэрам жанчына лічыць прывілеем — не кожны можа сабе гэта дазволіць, бо адной толькі зарплаты на жыццё не хапае. Раней пасаду з гэтай прычыны часта займалі «багатыя мужчыны на пенсіі», кажа Свечын.

— Ёсць дыскусіі, што ў мэра павінна быць нармальная зарплата, каб любы чалавек мог ім стаць. Але гэта мусіць быць long conversation.

Украінскія і рускія дзеці б’юцца ў школах

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў горадзе стала больш украінцаў — гэта Свечын перадалі паліцэйскія. Адзін з іх працуе ў мясцовай школе — ён расказаў, што рускія і ўкраінскія дзеці б’юцца і лаюцца, а іншыя кажуць, што «хочуць забіць Пуціна» ледзь не «з другога класа».

— Такія размовы — гэта цікава, бо наўрад ці ў любым горадзе ў Амерыцы дзеці ў другім класе ведаюць, хто прэзідэнт Расіі. Гэта такая размова, якую дзеці і ў 16-17 гадоў звычайна не маюць. Гэта паказвае мне, што яны дома чуюць, пра што бацькі кажуць, — разважае яна.

Ларыса кажа, што ўкраінцы прыязджалі ў Сані-Айлс-Біч і да гэтага — жанчына «дапамагала і дапамагае» ім як валанцёрка. Яна адзначае, што эмігранты адрозніваюцца ад тых, што прыязджалі ў горад 40 гадоў таму, але бачыць, што яны шмат у чым падобныя на яе саму.

— Яны павінны былі пакінуць усё ў сваім жыцці. Тым больш, калі ў іх маленькія дзеці, якія вельмі падобныя на мяне, калі я прыехала. Яны не разумеюць, што трэба тут рабіць. І як у школу ісці, з кім сябраваць, якая тут ежа дзіўная, — кажа яна.

Беларусы — super ціхія

Ларыса прыязджала да сваякоў у Беларусь у пачатку двухтысячных. Яна кажа, што добра памятае Гомель, але дапускае, што ўласныя ўспаміны маглі змяшацца з фота ў групе пра горад у фэйсбуку.

— Я памятаю, што гэта была такая прыгожая, спакойная, дружная ... не скажу краіна, таму што для мяне Савецкі Саюз быў краінай. Я тады не разумела, што беларусы — гэта беларусы. Даведалася гэта, калі прыехала ў Амерыку, — расказвае Свечын.

Падчас электаральнай кампаніі яна пазнаёмілася з беларусамі з Сані-Айлз-Біч, але ацаніць, наколькі вялікая беларуская дыяспара ў горадзе, Ларыса не можа — таму што беларусы «super ціхія».

— Ганаруся, што тыя, хто раней не казалі, што яны з Беларусі, раптам мяне знаходзяць. Гэта так прыемна, бо калі мы былі маленькія, здавалася, што мы тут адны.

Фота: з асабістага архіва Ларысы Свечын

За беларускімі навінамі Свечын не сачыла да 2020 года, пакуль у амерыканскіх СМІ не сталі асвятляць пратэсты. Яна кажа, што не магла даверыцца выданням у ЗША, бо яны «як і любыя іншыя, паказвалі тое, што хацелі паказаць».

— Паказвалі дзяўчат у белым і чырвоным. Паказвалі, як міліцыя збівала маладых людзей — усе гэтыя жахі. Калі на гэта глядзіш, вельмі страшна, і reaction такі: «Ой, гэта такое вар’яцкае, дрэннае, страшнае месца. Як там людзі могуць жыць?» — расказвае Ларыса.

Пра падзеі ў краіне яна распытвала мясцовых беларусаў і сваякоў. Другія адказвалі, што ўсё добра — «ходзяць у школу, на працу, іх ніхто не чапае», успамінае Свечын.

— Чаму нам паказваюць, што вы жывяце ў такой police state? Што вы апранеце чырвоны і белы колер, і вас у турму пасадзяць? — пытаецца яна.

Вынік такіх пратэстаў, мяркуе Ларыса, «павінен быць добры, бо людзі займаюцца гэтым нездарма».

— Яны гатовыя страціць усё не таму, што яны не любяць краіну. Я думаю, наадварот, таму што яны вельмі любяць сваю краіну, — разважае яна.

Пра тое, што адбываецца ў Беларусі пасля пратэстаў, у ЗША не кажуць «ні слова» — media coverage скончылася разам з пратэстамі, адзначае Свечын.

Хацела аформіць дзецям беларускае грамадзянства

На пытанне, адкуль яна родам, Ларыса адказвае, што з Гомеля. Прызнаецца, што часта арыентуецца на ўзрост таго, хто цікавіцца: людзям за 40, кажа, што нарадзілася ў СССР, а тым, хто маладзейшы — што ў Беларусі.

Амерыканцы лічаць, што эмігранты з постсавецкіх краін прыехалі ў ЗША, таму што захацелі — «атрымалі візы, купляюць кватэры, могуць туды-сюды ехаць», кажа Свечын. Жанчына імкнецца растлумачыць, што для яе бацькоў эміграцыя была далёка не простым рашэннем.

— Мае бацькі павінны былі кінуць сваю краіну. І гэта вялікая трагедыя для дарослага чалавека, які ўсё жыццё лічыць сябе беларусам. Каб мець права жыць у іншай краіне, трэба было адмовіцца ад сваёй Радзімы, — кажа яна.

Ларыса расказвае, што прыкладна 15 гадоў таму хацела аформіць дзецям беларускае грамадзянства — для гэтага трэба было спачатку атрымаць яго самой, бо Свечын нарадзілася ў СССР. У пасольстве Беларусі ёй прапанавалі адзіны варыянт — прыехаць у Беларусі і пражыць тут сем гадоў.

— Я вельмі засмуцілася. Але было і трошкі смешна. Як можа быць, што краіна, дзе я нарадзілася, мяне не прымае як грамадзяніна? Глядзела на ўсе гэтыя protests і думала: «Ой, можа быць пасля гэтых protests я змагу атрымаць маё грамадзянства», — расказвае жанчына.

Яна дадае, што на выбарах апанентка пашырала сярод выбарцаў інфармацыю пра тое, што Свечын — эмігрантка, а сябе пазіцыянавала як «адзіную сумленную амерыканку».

— Для мяне і маіх дзяцей вельмі важна, што мы амерыканцы. Таму што гэта наша краіна. Але мая радзіма заўсёды — гэта Беларусь, і нават беларуская амбасада не можа ў мяне гэта забраць, — кажа Свечын.