«Хоць на хвіліну забыўся, што я ў турме». Асуджаным дазваляюць гуляць у футбол (але не ў шортах, а лік прыдумляе міліцыянт)
Михаил Полозняков
«Хоць на хвіліну забыўся, што я ў турме». Асуджаным дазваляюць гуляць у футбол (але не ў шортах, а лік прыдумляе міліцыянт)
19 января 2024, 15:16

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Гуляць у шортах нельга (хоць калі ты не палітвязень, то вочы заплюшчаць), затое можна атрымаць у перадачы буцы або красоўкі. Замест стадыёна — хакейная каробка, засланая гумовымі плітамі. Калі ты выйграваеш, далёка не факт, што фінальная табліца будзе на карысць тваёй каманды. «Медыязона» распытала былых палітвязняў, як на хіміі і ў калоніі ўладкаваныя футбольныя гульні, дзе «можна адключыцца ад усяго».

«ЭЛ-ТЭ-ПЭ. ЭЛ-ТЭ-ПЭ», — выкрыкваюць з трыбун асуджаныя ў цёмных робах. Адзін з іх б’е ў бубен. Вакол стадыёна, абнесенага трохметровым плотам, — вышкі з ахоўнікамі.

«Сярога, ты застаешся ў цэнтры. Вова і Дзіма — у напад ідзяце», — супрацоўнік адміністрацыі дае наказ футбалістам у бел-чырвона-белай форме з ваўкавыскай ПК-11.

У перапынку футбалістаў і заўзятараў забаўляюць музыкі: зняволеныя ў чорна-жоўтай форме граюць на сінтэзатары і бас-гітары, асуджаны ў сіняй майцы з 11 нумарам спявае ў мікрафон.

«Вядома, назапашваюцца з гадамі нейкія эмоцыі. А пасля футбола выходзіш як новы чалавек. На душы лёгка, спакойна», — каментуе гульню зняволены Юрый Андруконіс, капітан каманды ПК-11.

Такім у 2013 годзе тэлеканал СТВ паказаў чэмпіянат па футболе сярод зняволеных.

У калоніі замест стадыёна — хакейная каробка, гуляць у шортах нельга

У калоніі, дзе адбываў пакаранне Аляксандр, у футбол гуляюць унутры хакейнай каробкі. Раней поле было пакрыта асфальтам, а цяпер там паклалі квадратныя гумовыя пліты. У мяч гуляюць летам і восенню, а на зіму ў каробцы заліваюць каток.

Каманда атрада можа прыходзіць на трэніроўкі 3-4 разы на тыдзень. Аляксандр хадзіў, калі яны не супадалі з працай: у асноўным удавалася двойчы на тыдзень. Гуляюць мячамі, якія ёсць у атрадзе. На новыя можна было скінуцца, але з палітвязняў грошай не бралі. Ахвочыя плацілі цыгарэтамі. У калонію можна было перадаць буцы і красоўкі, а ў шортах гуляць нельга: «Гэта забароненая форма адзення. Ты нібыта павінен быць у штанах, увогуле ў цябе не можа быць шортаў. Але калі ты не палітычны, то да шортаў тваіх ніхто не чапляецца».

Пасля прыезду ў калонію правяраючых у 2023 годзе палітвязням забаранілі хадзіць на трэніроўкі. 

«Але ты можаш удзельнічаць у чэмпіянатах. Прычым у чэмпіянатах табе "рэкамендуецца" ўдзельнічаць. У кожнай камандзе пажадана, каб хаця б адзін палітычны быў», — расказвае Аляксандр.

Такія чэмпіянаты праводзяцца двойчы на год — вясной і восенню. У залежнасці ад колькасці каманд спачатку гуляюць групавы турнір, потым — плэй-оф.

Аляксандр кажа, што сярод супрацоўнікаў калоніі былі тыя, «хто насамрэч цікавіцца і любіць футбол».

«Таму для іх гэта магчымасць арганізаваць культурны вольны час, каб у людзей была магчымасць эмоцыі выліць. Я не ведаю псіхалогіі адміністрацыі, але ў мяне адчуванне, што, калі ты пастаянна праводзіш час з асуджанымі, ты пачынаеш трошкі іхнімі праблемамі жыць. Удзячнасць тым адэкватным людзям. Не ўсе адэкватныя, але такія ёсць».

Прафесійныя футбалісты VS аматары

Узровень гульцоў у калоніі Аляксандр параўноўвае з дваровым, выбіраць не даводзіцца. Хоць часам у калоніях з’яўляюцца зоркі спорту.

Напрыклад, у камандзе магілёўскай ПК-15 гуляў экс-футбаліст «Крумкачоў» Алег Дыбаль. У 2019 годзе яго асудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму па «наркатычным» артыкуле. Журналіст Алег Груздзіловіч, які адбываў пакаранне ў той жа калоніі, меркаваў, што перамога ў мясцовым чэмпіянаце змякчыла футбалісту пакаранне — яго перавялі на хімію. Сам кубак, «тыповую спартыўную вазу», футбаліст пакінуў у калоніі. У красавіку 2023 года заўважылі, што ён гуляе на волі ў другой лізе за каманду «Трактар».

У бабруйскай калоніі сядзіць былы футбаліст зборнай Беларусі і мясцовай каманды «Белшына», 46-гадовы Віталь Ланько. Ён атрымаў 3 гады пазбаўлення волі за арганізацыю дамоўных матчаў.

«Калі чалавек з рэальным футбольным мінулым, ён проста ўкатвае ўсіх і ўсё. Аб’ектыўна гэта іншы ўзровень, неба і зямля адносна астатніх», — кажа Аляксандр.

Прафесійныя футбалісты часам праводзяць таварыскія матчы са зняволенымі. Напрыклад, у 2016 годзе футбалісты «Славіі» згулялі з асуджанымі з ПК-21, а ў верасні 2023-га футбалісты «Белшыны» да Дня ведаў згулялі з камандай «Юніёр» з бабруйскай выхаваўчай калоніі №2.

«Без міліцыянта нельга гуляць». Футбол на хіміі

Глеб адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ), гэта значыць, на хіміі. На тэрыторыі яго ПУАТ стадыёна не было, але ў горадзе было яшчэ некалькі такіх устаноў — гуляць можна было там, на выездах.

На хіміі мяч і манішкі асуджаныя куплялі за свае грошы, самі арганізоўвалі і паездкі на спаборніцтвы, кажа Глеб. «Хімікам» з дазволу адміністрацыі можна выходзіць у горад: па інвентар адпраўлялі хлопца, які «шмат разоў сядзеў за крадзеж» і быў адказным за спартыўныя мерапрыемствы.

Часам асуджаным даводзілася ўгаворваць супрацоўнікаў ПУАТ адвезці іх пагуляць у футбол.

«Калі мерапрыемства трэба было правесці і прыязджалі правяраючыя, то нас, вядома, вазілі гуляць у футбол. Усе астатнія разы мы запісваліся, а потым у міліцыянта не знаходзілася часу. То ён гарбату піў, то катышкі з пупка выкалупваў. Нас не вадзілі. А без міліцыянта нельга гуляць».

Для міліцыянта ў ПУАТ было важна «правесці мерапрыемства, скласці пратакол і зрабіць фатаграфіі», кажа Глеб: «А так ім па барабане, як там будзе».

Ніякіх заахвочванняў палітвязням. Дамоўныя матчы

У горадзе, дзе Глеб адбываў хімію, былі дзве мужчынскія футбольныя каманды, назва — па нумары ПУАТ.

«Хлопец, якога да нас перавялі з іншай хіміі, сказаў, што ў іх назва была. І майкі яны зрабілі прыкольныя, пра чарапашак-ніндзя. А ў нас жанчына з УДВП суперстрогая была, яе баяліся нават міліцыянты. Зрух ад яе звычак прыводзіў да негатыўных наступстваў. Таму калі яна хацела, каб усе гулялі толькі ў манішках, значыць, усе будуць толькі ў манішках», — успамінае Глеб.

Иллюстрация: Соня Владимирова / Медиазона

Спачатку на хіміі праводзілася хатняя гульня. Адзін матч — і пераможца едзе на рэспубліканскія спаборніцтвы. На ўнутраным матчы выйграла каманда Глеба, сярод футбалістаў былі асуджаныя па палітыцы і «наркатычных» артыкулах. Нягледзячы на перамогу, на рэспубліку яны не паехалі.

«У нас уражлівыя міліцыянты не хацелі адпускаць палітычных і наркаманшчыкаў, а хуліганаў і зладзюжак — без праблем. На спаборніцтвы ў Мінск паехалі тыя, хто вельмі буйна прайграў усё і не заняў ніякія месцы».

У тыя ж дні гульцы, якія не трапілі на рэспубліку, згулялі матч з камандай з іншага горада.

«Жанчына з УДВП кажа: "Ой, якія добрыя хлопцы. Пераможцам будуць заахвочванні ад мяне". Натуральна, такі чалавек падманваць не будзе. Тым больш міліцыянт. Ну, мы ўсміхнуліся, добра. Яна яшчэ проста не ведала, якія [у нас] артыкулы», — успамінае Глеб.

Акрамя футбола ў той дзень праходзілі спаборніцтвы па настольным тэнісе і іншых відах спорту. Каманда, дзе былі палітвязні, выйграла ва ўсім. На цырымоніі ўзнагароджання супрацоўніца УДВП успомніла пра свае словы пра заахвочванне і спытала, па якіх артыкулах асуджаныя пераможцы.

«Тут ёй даюць паперку, што ў нас усе палітычныя. Яна кажа: "Добра, разбярэмся". Потым нам уручылі магніцікі з надпісам "Магілёў", а заахвочванне далі хлопцам, якія ездзілі ў Мінск на спаборніцтвы і занялі апошняе месца».

Глеб распавядае пра яшчэ адзін выпадак несправядлівасці: у адным з матчаў яго каманда выйгравала з лікам 13:11, але міліцыянт сказаў, што перамагчы павінны супернікі: «Скончылі гульню, і ў пратаколе напісалі, што мы прайгралі 12:15. Міліцыянту лепш відаць, усё ж такі ён вышэйшую адукацыю атрымаў, і матэматыку яму выкладалі».

Нелегальныя трансляцыі пасля адбою

Паглядзець футбол у калоніі таксама можна было. Аляксандр кажа, што ў яго ПК было дзве залы з тэлевізарамі: на адным уключалі спорт і навіны, на другім — фільмы. Але глядзець тэлевізар можна было да 21:00, а многія матчы ідуць якраз вечарам. Аднак нешта ўдавалася паглядзець па тэлеканалах «Беларусь-5» і «ЯСНАе».

Акрамя таго, можна было паглядзець і Чэмпіянат свету. З 2021 года па беларускім ТБ яго не транслююць.

«Наколькі я разумею, штосьці спампоўвалі з торэнтаў і на наступны дзень паказвалі. Не ведаю, на якім узроўні хто на што дамаўляецца. Вывешваецца аб’яўка, што а 12 будзе паказ».

На хіміі, дзе адбываў пакаранне Глеб, футбол глядзелі ў асноўным на тэлефонах. Тэлевізар таксама быў, стаяў у актавай зале. Аднойчы Глеб застаўся там паглядзець матч.

«А там грамадзянін Азаронак нейкую лухту нёс, што міліцыянт сказаў: "Ну яго нахуй", і мы ўсе сышлі. Па нядзелях нам паказвалі фільмы пра таварыша Сталіна. А футбол можна было глядзець на сваім тэлефоне негалосна, бо а 22-й адбой і трэба было спаць».

«Гэта адзінае месца ў калоніі, дзе я хоць на хвіліну забыў, што я ў турме»

Асуджаныя, якія не гулялі ў футбол, маглі прыйсці на стадыён як заўзятары: «Але аб’ектыўна — нахалеру табе гэта трэба. Таму заўзятараў амаль не бывае. Бывае, на фінал чэмпіяната хтосьці падыдзе. Ты не будзеш там асабліва скандзіраваць. Ускрыкнеш "забівай" — гэта не забараняецца», — тлумачыць Аляксандр.

«Ты гуляеш не для гледачоў, для сябе. Я злавіў сябе на думцы, што гэта адзінае месца ў калоніі, дзе я хоць на хвіліну забыў, што я ў турме. У цябе адчуванні, што ты проста з сябрамі ці калегамі адправіўся пагуляць у футбол. Пасля ты вяртаешся з футбола ў думках. У цябе няма, у адрозненне ад СІЗА, дроту над галавой. Але ўсё адно ты разумееш, што ты ў турме. А футбол — гэта адно з нямногіх месцаў, дзе ты можаш адключыцца ад гэтага ўсяго».