«Мы ўсё знойдзем, дакажам, і пойдзеце вы на 7 гадоў». Аўтар кніг серыі «Метро 2033» з’ехаў з Беларусі, неўзабаве затрымалі яго сына
Михаил Полозняков
«Мы ўсё знойдзем, дакажам, і пойдзеце вы на 7 гадоў». Аўтар кніг серыі «Метро 2033» з’ехаў з Беларусі, неўзабаве затрымалі яго сына
15 февраля 2024, 18:48

Сяргей Антонаў і Дзмітрый Глухоўскі. Фота: з асабістага архіва Сяргея Антонава

55-гадовы пісьменнік-фантаст Сяргей Антонаў пасля затрымання і штрафу з’ехаў з Беларусі ў Грузію. Да гэтага ён працаваў у Быхаўскай раённай газеце, у культавым «Частном детективе» і напісаў 9 кніг з серыі «Вселенная Метро 2033». У снежні 2023 сілавікі затрымалі яго сына. «Медыязоне» Антонаў распавёў пра тое, як жыць у горадзе, дзе ведаеш і суддзю, і начальніка ІЧУ, і пра тое, як рэальнасць пранікала ў яго фантастычныя кнігі.

«Валянцінавіч, мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на сем гадоў»

Я ў БНФ з 12-га года — палітычны актывіст, так бы мовіць. Ведаў усіх начальнікаў КДБ — мяне часта выклікалі для прафілактычных гутарак. Да 20-га года гэта было, можна сказаць, на сяброўскай назе: «Ну навошта табе гэта? Ну чаго табе не сядзіцца?» Пасмяяліся — разышліся.

У нас змяніўся начальнік КДБ. Шостага снежня [2023 года] мне патэлефанавалі з незнаёмага нумара, ён прадставіўся Дзмітрыем Андрэевічам, сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, хачу вас бачыць у 16:20. У нас сур’ёзная размова».

Я тады яшчэ не ведаў, што «Магілёў. Media» абвесцілі экстрэмісцкім. Як зайшоў у кабінет, ён сказаў: «Ну вы і накасячылі». І паклаў перада мной дзве пастановы: на ператрус і канфіскацыю абсталявання.

У сына ў Быхаве была фотастудыя, я яму дапамагаў. Там у мяне было два камп’ютары. Як я зразумеў, яны нічога не знайшлі. Тэлефон я яшчэ на ўваходзе ў КДБ здаў, яны яго ўжо мне не вярнулі.

Пасля гэтага паехалі да мяне дадому. Выйшаў са спальні сын. Я сказаў, што дадому, магчыма, не вярнуся.

Пасля гэтага мы паехалі ва ўпраўленне КДБ па Быхаўскім і Слаўгарадскім раёне. Начальнік сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, расказвайце шчыра пра тое, як вы працавалі на "Магілёў. Media" і 6tv.by і са спакойным сумленнем ідзіце дадому».

«У іх з’явілася нагода мяне закрыць»

Я сапраўды даўно працаваў на 6tv.by. Спачатку гэта былі артыкулы, потым відэа. Я ніколі не лез у вялікую палітыку, я заўсёды займаўся Быхавам — у мяне была аўтарская перадача. Я распавядаў пра гісторыю, як у нас праходзілі пратэсты.

Сяргей Антонаў. Фота: з асабістага архіву

Неяк я чытаў на Хартыі, як нехта абзываў Лукашэнку. Мяне гэта тузанула — чаму абзываюцца? Калі вы лічыце сябе інтэлігентамі, то давайце весці размову цывілізавана. Хай ён абзываецца.

Пасля гэтага відэа, самым мяккім словам, якім абазвалі мяне, было «чыстаплюй». Я перастаў рабіць відэа, а тут яшчэ і прызналі выданне «экстрэмісцкім».

Я сказаў, што пра мой удзел на 6tv вядома ўсім, а з «Магілёў. Media» я не супрацоўнічаў. Ён сказаў: «Валянцінавіч, мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на сем гадоў. А цяпер мы вас вязем у СІЗА. Вам прыйдзецца там здымаць шнуркі, рэмень».

Я нахіліўся і стаў развязваць шнуркі. Ён здзіўлена на мяне паглядзеў:

— А, дык вы псіхалагічна гатовыя да паездкі.

— А ў мяне выбар ёсць, ці што?

— Пачакайце.

Адвёў мяне ў іншы кабінет да свайго памочніка, і той стаў мяне дапытваць. Ён спытаў мяне пра чалавека, якога я не ведаю. Спытаў пра маё стаўленне да вайны ва Украіне. Я адказаў, што супраць любой вайны.

Была размова пра тое, чаму я не паехаў у Польшчу. Я сказаў, што не лічу патрэбным з’язджаць, не бачу за сабой ніякай віны і пішу новы раман.

Мне гэты памочнік сказаў: «Наўрад ці вы яго напішаце».

«ВКонтакте» ў мяне былі выкладзеныя відэа 13-га года — пахаванне аднаго з заснавальнікаў магілёўскага тэлебачання Генадзя Судніка. Я не звярнуў увагі на тое, што гэта быў рэпартаж «Белсата» — гэта ўжо распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У іх з’явілася нагода мяне закрыць.

«Сяргей, ноччу я цябе буду будзіць»

Мяне адвезлі ў Быхаўскі ІЧУ. Гадзіны тры я чакаў у малпоўніку. Потым мяне ў кайданках адвялі ў адзіночную камеру. У адрозненне ад іншых затрыманых, мяне заўсёды вадзілі ў кайданках, паліць было нельга і не давалі пасцельнай бялізны.

У першы дзень далі суп, а другое без катлеты. Напэўна, праз рэжым асаблівага ўтрымання. Ноччу начальнік ІЧУ сказаў: «Сяргей, ноччу я цябе буду будзіць». Адкрываў акно і пытаўся:

— Не спіцца?

— Які сон.

Праз два дні мяне адвезлі ў суд. Гэта быў другі мой штраф. Першы ў 25 базавых быў за два месяцы да гэтага. Нехта нарыў у мяне ў «Аднакласніках» кліп «Ногу Свело!» — «Молчание ягнят». Справа не ў кліпе, там былі лагатыпы «Радыё Свабоды» і Tut.by. Тады міліцэйскі палкоўнік выклікаў мяне, склаў пратакол, і адвёз мяне сам у суд, а адтуль на працу — на асабістай машыне.

Калі знаёмы суддзя даў мне другі штраф, ён сказаў: «Ну, Сяргей, у цябе шмат нядобразычліўцаў».

Пазней мне патэлефанаваў начальнік КДБ і сказаў, што яны хочуць зняць са мной відэа. Але ад галоўнага рэдактара паступіла прапанова не чакаць далейшага развіцця падзей, а эвакуявацца.

Я паляцеў у Тбілісі з адным тэлефонам і без грошай. Беларуская дыяспара, можна сказаць, падабрала мяне ў аэрапорце, дапамаглі кватэру зняць. Чаго чакаць, я не ведаю — у візе мне адмовілі. Амбасада Польшчы не бачыць пагрозы, мяркуе, што Грузія — бяспечная краіна, я магу тут знаходзіцца як заўгодна доўга.

«Дастабілы дэстабілізуюць абстаноўку»

Я заўсёды чапляў уладу: калі мне гэта не дазваляла журналістыка — я рабіў гэта ў літаратуры.

Кнігу «Стабилизатор. Минск 2041» я напісаў у 2015 годзе. Гэта кніга пра тое, як пасля выбуху Астравецкай АЭС у Беларусі радыяцыя, краінай кіруе Вярхоўны старшыня. Усе ходзяць у аднолькавай вопратцы, усе працуюць, усе ўсміхаюцца. Гэта таму што ў ваду падмешваецца сінтэтычны наркотык — стабілізатар. А для тых, хто п’е дажджавую ваду, створаныя стабілізацыйныя лагеры. А ў лесе хаваюцца партызаны, іх называюць дастабілы — яны дэстабілізуюць абстаноўку.

Урэшце яны ўрываюцца ў прэзідэнцкі палац і высвятляецца, што прэзідэнт — гэта лялька, а краінай кіруюць зусім іншыя людзі.

Гэта вясёленькая антыўтопія, але я жорстка прайшоўся па ўладзе. У «Метро» ў мяне ёсць станцыя «Беларуская», якой камандуе начальнік Кулашэнка і ён увесь час пагражае ўсім, што калі грошай не дасце, то пачне гандлявацца са станцыяй сатаністаў.

Адзіны мой беларускі раман — гэта «Лоскутные звезды» — пра тое, як у Быхаве расстрэльвалі габрэяў у 45 годзе. Мне патэлефанавалі з «Беларусьфільма», мы сур’ёзна абмяркоўвалі сцэнар. Пачаліся пратэсты, і галоўны рэдактар, які са мной працаваў, у іх паўдзельнічаў. І пытанне з экранізацыяй адпала.

Я шчыльна завіс у Грузіі. Думаў, што буду чакаць візу і пісаць раман, але нічога пісаць я не магу, бо як на іголках. Паўтара месяца мне праз ноч сніцца Беларусь. Дзіма Глухоўскі таксама ў эміграцыі — яму завочна далі 8 гадоў. Друкаваны праект замарожаны, фільм, у якога гатовы сцэнар, таксама замарожаны. Добрыя ўспаміны пра гэтую серыі засталіся, я па ёй сумую.

Сяргей Антонаў і Дзмітрый Глухоўскі. Фота: з асабістага архіва Сяргея Антонава

Мой сын у Магілёўскім СІЗА

26 снежня арыштавалі майго сына Арцёма. Гэта мяне дабіла канчаткова. Арцём знерваваўся праз мой ад’езд, сябе недзе не пракантраляваў, думаю, што ён сапраўды нешта ляпнуў пра прэзідэнта. Вынік — мой сын у Магілёўскім СІЗА.

Днямі мне тэлефанавала сваячка з Масквы — ёй тэлефанавалі з КДБ і цікавіліся, дзе я. Можа быць, Грузія — бяспечная краіна, але пры такой пільнай увазе да маёй персоны, я гэтага не адчуваю.

Сястра і жонка патроху прадаюць абсталяванне ў фотастудыі, якая прапрацавала тры гады. Яна была досыць папулярная ў Быхаве. Міліцыянты фатаграфаваліся на дакументы. Грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на адваката сыну.