«Абяцалі, што дадуць вярнуцца і адновяць на працы». Беларус пагадзіўся супрацоўнічаць з сілавікамі, каб выйсці на волю
Олег Грицкевич
«Абяцалі, што дадуць вярнуцца і адновяць на працы». Беларус пагадзіўся супрацоўнічаць з сілавікамі, каб выйсці на волю
19 февраля 2024, 15:09

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Летась Аляксея арыштавалі ў двары ўласнага дома. Пасля гэтага быў доўгі арышт, «кампенсацыя» за данаты ў дзесяціразовым памеры і вярбоўка ў КДБ. «Медыязона» распавядае гісторыю беларуса, які пагадзіўся супрацоўнічаць з сілавікамі, каб апынуцца на волі.

Затрыманне і вярбоўка ў КДБ

Увесну мяне затрымалі ў двары ўласнага дома: трое акружылі каля машыны. Паказалі дакументы, забралі тэлефон, і мы пайшлі ў дом на ператрус. Прывялі суседзяў-панятых, а пасля паехалі ў ГУУС, дзе на мяне склалі першы адміністрацыйны пратакол. Усяго мяне судзілі тры разы, у суме я адседзеў больш за месяц.

Судзілі за рэпосты і падпіскі. Плюс на фэйсбуку знайшлі данаты ў фонд пацярпелых ад рэпрэсій. Сказалі, што гэта падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы і запыталі кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры. Усе грошы з карткі я перавёў па рэквізітах, якія мне далі сілавікі.

Падчас арышту мяне некалькі разоў выклікалі на допыт у КДБ. Там сказалі, што адпусцяць толькі калі я буду з імі супрацоўнічаць. Супрацоўніцтва павінна было заключацца ў тым, што я выеду за мяжу і буду распавядаць, чым займаюцца беларусы: на якія мерапрыемствы яны ходзяць і гэтак далей.

Я пагадзіўся. У 2022 годзе я перанёс цяжкую аперацыю, пасля якой у мяне пачаліся праблемы са сном і я стаў піць антыдэпрэсанты. Плюс перажываў за бацькоў — яны ў мяне слабенькія. У выніку мяне прымусілі падпісаць паказанні на людзей. Сказалі, калі я перастану супрацоўнічаць, у іх будуць праблемы і людзі пацерпяць.

Большая частка людзей у спісе жылі на той момант за мяжой. Мне далі кантакт чалавека, з якім я павінен быў выходзіць на сувязь. Да выезду з Беларусі я з ім звязваўся, а як толькі выехаў — заблакаваў і напісаў пост, дзе распавёў пра сваю вярбоўку. У КДБ абяцалі, што калі я буду добра праводзіць працу, то змагу вярнуцца ў Беларусь і яны нават адновяць мяне на дзяржаўнай службе.

Пасля, як мне распавядалі, калі людзей затрымлівалі летам, то казалі, што гэта па маёй віне. Непрыемнае адчуванне, але я разумеў, што па гэтых людзей усё адно б прыйшлі.

ІЧУ: адсутнасць перадач і больш за месяц у адным адзенні

У ІЧУ, дзе я сядзеў, камера разлічана на трох чалавек, але звычайна нас было ад 4 да 7. Палітычным і «непадпарадкаванцам» не выдаваліся матрацы, коўдры і падушкі. Даводзілася спаць на жалезных рашотках. Адзінае, што давалі — адзенне, у якім цябе прывезлі. Мяне прывезлі ў цёплай куртцы, і яе мне давалі на ноч. У ёй я спаў на падлозе. Перадачы былі забароненыя, лісты таксама не даходзілі. Сувязь са знешнім светам адбывалася праз адваката.

Кожную ноч нас будзілі мінімум па два разы: падымалі, загадвалі назваць прозвішча, імя і артыкул. Яшчэ момант: да палітычных у камеру падсаджвалі бяздомных людзей — у нас быў такі, на якім была сабраная ўся «біялабараторыя». Пасля яго ў камеры завяліся вошы. Сядзіш, увесь чухаешся ў тым жа адзенні, у якім трапіў сюды з затрымання.

На прагулкі палітычных выводзілі перад судом. За крыху больш за месяц у мяне было тры прагулкі: па адной перад кожным пасяджэннем. Чатыры разы на дзень выводзілі ў калідор на праверку.

Усё, чым мы займаліся ў камеры, — гэта размаўлялі. Пастаялі, пахадзілі, пагаварылі.

Самым складаным у зняволенні была невядомасць. Мне пагражалі крымінальнай справай. Нават калі я выйшаў на волю, мне здавалася, што са мной задумалі нейкую гульню і схопяць пры выездзе за мяжу.

Вызваленне, пераезд і праца ў Еўропе

Пасля вызвалення з працы мяне звольнілі паводле артыкула «за прагулы». Атрымаўшы гуманітарную візу, выехаў з Беларусі ў Польшчу на стажыроўку, збіраўся на яе раней.

Пасля таго як я апублікаваў пост пра сваю вярбоўку ў КДБ, на мяне спрабавалі выйсці дзіўныя людзі: пісалі з розных акаўнтаў, але я іх блакаваў. Тэлефанавалі бацькам і запрашалі мяне ў РУУС на размову.

Пасля майго паста некаторыя людзі на мяне пакрыўдзіліся, частка паставілася з разуменнем. Цяпер мне цяжка адказаць, ці планую я вяртацца ў Беларусь. Усё будзе залежаць ад сітуацыі.