«Прысеў на ложак — парушэнне». Як адміністрацыя чапляецца да палітвязняў, каб перавесці іх з хіміі ў калонію
Александра Шакова
«Прысеў на ложак — парушэнне». Як адміністрацыя чапляецца да палітвязняў, каб перавесці іх з хіміі ў калонію
19 февраля 2024, 15:10

Ілюстрацыя: Ганна Макарава / Медыязона

За 2023 год больш за 1100 чалавек былі адпраўленыя з хіміі ў калонію — такія звесткі апублікавала ведамасная газета МУС. Супрацоўнікі фіксуюць, то бок «ловяць» палітвязняў на парушэннях распарадку — прысеў на ложак, адмовіўся ісці пешшу 25 км, не павітаўся. Пасля трох такіх парушэнняў адміністрацыя можа звярнуцца ў суд, які часцей за ўсё згаджаецца замяніць рэжым пакарання. «Медыязона» распавядае тры гісторыі палітвязняў, якія былі асуджаныя на хімію, а апынуліся ў калоніі.

Тэрмін пры гэтым памяншаецца — адзін дзень у калоніі роўны двум дням на хіміі.

«Сабраў усе свае рэчы, адправіў дадому. Сваякоў папярэдзіў. Сказаў — нічога страшнага, затое раней вярнуся»

Атрымаць парушэнне палітвязню вельмі проста. Вось як пра гэта ўспамінае Дзяніс, асуджаны па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады.

«Недзе ты ледзь-ледзь не паголены — парушэнне. Прыйшоў з працы — і адразу цябе забіраюць на лекцыю, калі спазніўся — парушэнне. Не павітаўся, нешта ляжыць пад ложкам — усё гэта парушэнні. Прысеў на ложак — парушэнне. Што б ты не зрабіў — яны знойдуць парушэнне», — успамінае ён.

Паводле словаў Дзяніса, у першы тыдзень у ПУАТ яму аформілі сем парушэнняў. Тады стала зразумела, што пераводу ў калонію не пазбегнуць.

«Прыйшлі на завод на працу ў суботу, а сталовая па суботах не працуе. Мы выйшлі ў краму на пяць хвілін — купілі паесці. Вяртаемся — зноў парушэнне — за тое, што сышлі з працы».

За гэта Дзяніса адправілі на 10 сутак у ШІЗА. Пасля гэтага супрацоўнікі адміністрацыі ПУАТ загаварылі пра перавод у калонію.

«Я ўжо тады сабраў усе свае рэчы, адправіў дадому. Сваякоў папярэдзіў. Сказаў — нічога страшнага, затое раней вярнуся».

Перад судом Дзяніса, як злоснага парушальніка, перасталі пускаць на працу, рабіць у ПУАТ стала зусім няма чаго. Карыстацца смартфонам яму забаранілі, замест яго давялося купіць кнопкавы тэлефон. З кнігамі таксама ўзніклі праблемы — напрыклад, замест літаратуры па лічбавай бяспецы Дзянісу сказалі «знайсці нешта нармальнае».

На судзе палітвязень прызнаў віну, бо «не бачыў сэнсу нешта адмаўляць з такой колькасцю парушэнняў». Суд патрабаванні адміністрацыі задаволіў і адправіў Дзяніса ў калонію.

Самым складаным там, распавядае ён, быў этап (9 гадзін дарогі ў кайданках), і першы час — адразу пасля каранціну Дзяніса пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў. У астатнім, кажа ён, у калоніі стала нават лягчэй.

«У калоніі асабіста мне было прасцей: ходзіш на працу, там менш гэтых дурных лекцый. Няма пастаяннага псіхалагічнага ціску — за табой, калі працуеш, не назіраюць так пільна, як у бараку на хіміі. Бываюць праверкі, але не занадта часта. Яны цябе, што называецца, "абястлусцілі", і ўсё, жыві далей з гэтым».

У калоніі Дзяніс прабыў год і адзін дзень.

«У мае абавязкі ўваходзіла разумець, калі карова хоча сэксу»

Віктара Пархімчыка асудзілі на 2 гады хіміі паводле артыкула аб хуліганстве. Сваё першае парушэнне Віктар атрымаў у першы працоўны дзень. Па прафесіі ён — SEO-спецыяліст, а на хіміі ж яго ўладкавалі жывёлаводам пятага разраду.

«Ну то бок я парушыў працоўную дысцыпліну, бо парушыў нешта там у прынцыпах кармлення дойных кароў. Я пра гэта наогул нічога не ведаю, а яны мяне ўладкавалі жывёлаводам пятага разраду. У мае абавязкі ўваходзіла, напрыклад, прымаць роды ў каровы. Разумець, калі карова хоча сэксу, і рабіць нейкія жывёлагадоўчыя дзеянні», — успамінае ён.

У калонію яго перавялі пасля таго, як ён некалькі адмовіўся ісці пешшу на працу. Віктара ўладкавалі на працу ў вёску, якая размяшчалася за 25 кіламетраў ад ПУАТ. Першапачаткова работнікаў з хіміі падвозіла калгасная маршрутка, але яе кіроўца сышоў у запой, а потым і зусім некуды знік.

«І мне было прапанавана хадзіць на працу 25 кіламетраў пешшу. Яны гэты маршрут нават неяк афіцыйна прынялі, паказвалі мне скрыншоты з гугл-мапаў».

У першы раз Віктара падвёз на працу мясцовы жыхар, яны добра ставіліся да «хімікаў» і былі радыя дапамагчы. Назад Віктар пайшоў пешшу. Выйшаў у канцы працоўнага дня, у 16.40. Прыйшоў амаль да адбою, а 22.00.

«Калі прыйшоў, мне сказалі: ты павольна ішоў, нам гугл-навігатар сказаў, што ты павінен быў дайсці за 4,5 гадзіны».

За адмову ісці на працу пешшу Віктара два разы змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА.

Як распавядае палітвязень, суддзю паказаная адлегласць не збянтэжыла, і патрабаванне адміністрацыі ПУАТ аб пераводзе ў калонію было ўхваленае.

«На хіміі была толькі адна перавага — там можна было карыстацца тэлефонам. Але палітычных не выпускаюць за межы хіміі, яны не могуць убачыцца са сваякамі. На хіміі мы працавалі шэсць дзён на тыдзень па 12 гадзін у гэтым аміяку. У калоніі мне было прасцей».

У калоніі Віктар правёў некалькі месяцаў.

«Я там трымаўся з апошніх сіл»

Экс-палітвязень Цімафей быў асуджаны па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады.

Пакаранне з хіміі на калонію суд змяніў яму пасля трох парушэнняў, прэтэнзіі з боку адміністрацыі заключаліся ў тым, што асуджаны сядзеў на ложку пасля працы.

«Ты адпрацаваў з васьмі раніцы, вярнуўся, адбой толькі ў 22.00. І ўвесь гэты час павінен сядзець на табурэтцы, за сталом. Я на ложак нават не лёг, прысеў — галава і цела на падушцы, ногі на падлозе. Усё, ужо парушэнне».

Пры гэтым, як успамінае Цімафей, супрацоўнікі ПУАТ правакавалі палітвязняў, часам — палохалі наступствамі за яшчэ не ўчыненыя парушэнні.

«Здаралася так, што вось яны даведаюцца, што нехта з хіміі збег у Літву. І пачынаецца. Мяне выклікаюць, кажуць — вось тыпу ты нават не думай, калі ўцячэш, мы ўсіх тваіх родных дастанем. Улічваючы мой характар, я наогул там трымаўся з апошніх сіл», — успамінае ён.

Перад судом Цімафея, як злоснага парушальніка, перасталі выпускаць на працу. Спачатку ён абураўся, бо гэта цягнула за сабой фінансавыя праблемы.

«У мяне жонка ў дэкрэце, дзіця маленькае. Мне ім дапамагаць трэба, дэкрэтныя зусім невялікія, а мяне на працу не пускаюць».

Суддзя, якая разглядае справу Цімафея аб пераводзе, са слоў палітвязня, была здзіўленая.

«Яна казала, што гэта ўсё вельмі дзіўна, добра, калі б я яшчэ п’яны прыйшоў, ці нешта такое. А я проста на ложку сядзеў».

Перад адпраўкай у калонію Цімафей 15 дзён чакаў этапу. 14 з іх палітвязень правёў у ШІЗА.

У калоніі, распавядае Цімафей, было ўсё ж складаней, чым на хіміі. Галоўная перавага адбыцця пакарання ў ПУАТ — сувязь з роднымі.

«На хіміі быў тэлефон, можна было знайсці нейкі час, патэлефанаваць блізкім, і гэта здымала напружанне. Палітычным з калоніі можна было тэлефанаваць толькі раз на месяц, ад 5 да 15 хвілін, і толькі ў прысутнасці аператыўнага супрацоўніка. Калі яму нешта не падабаецца, ён проста абрывае размову», — успамінае ён.

У калоніі Цімафей правёў сем месяцаў.