«Часам накатвае так, што задыхаешся». Аповед жонкі палітвязня, асуджанага на вялікі тэрмін за данаты
Блог «Шуфлядка»
«Часам накатвае так, што задыхаешся». Аповед жонкі палітвязня, асуджанага на вялікі тэрмін за данаты
20 февраля 2024, 14:54

Ілюстрацыя: Сіма / Медыязона

У 2020 годзе муж і жонка Ягор і Вікторыя разам хадзілі на пратэсты, данацілі звольненым і пацярпелым. Некалькі месяцаў таму па мужа прыйшлі з КДБ, а пазней асудзілі на вялікі тэрмін. Жонка прыняла цяжкае рашэнне: з’ехаць з краіны з маленькім дзіцем на руках. Думкі пра мужа, адсутнасць працы, дарагая арэнда і неабходнасць пастаянна быць з малым — Вікторыя распавяла блогу «Шуфлядка» пра тое, як трымаецца ў цяжкай сітуацыі. «Медыязона» перадрукоўвае гэты тэкст.

Імёны герояў змененыя.

«Жыла ў пастаянным напружанні, за месяц на 7 кілаграмаў схуднела»

— Сімпатычны мілы мужчына ў дамафон сказаў, што прынёс заказны ліст. Мы на самай справе чакалі пасылку, і гэта не выглядала нечым экстраардынарным.

Вікторыя адчыніла дзверы, і ў кватэру ўвайшлі трое супрацоўнікаў КДБ. Адзін з іх сказаў, што Ягора падазраюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

— Не ведаю, адкуль гэта ўсплыло. Усю тэхніку забралі, а ў мужа на тэлефоне былі данаты праз фэйсбук, наколькі я разумею.

Ягора адвезлі на допыт у КДБ, праз нейкі час ён патэлефанаваў — сказаў, што адказаў на ўсе пытанні і едзе дадому. Праз некалькі гадзін быў другі званок — мужа Вікторыі павезлі ў Следчы камітэт. Пазней тэлефанаваў ужо следчы, а Ягора адправілі на Акрэсціна.

— І без варыянтаў. Мы прасілі пад заклад, пад даручальніцтва, пад усё на свеце — былі адмовы. Потым яго перавялі на Валадарку. Я мужа больш не бачыла, спатканняў ніхто не дазваляў. На Валадарцы ён пісаў лісты, яны даходзілі.

Што было пасля затрымання мужа, Вікторыя памятае дрэнна. Яна зразумела, што не можа начаваць дома — кадэбэшнікі забралі ў Ягора ключы ад кватэры, і дзяўчына не ведала, чаго чакаць.

— Я згрэбла дзіця і ў тры гадзіны ночы сышла да сяброў. Нейкі час жылі ў іх, потым у сваякоў. Дэталі гэтага перыяду нават складана ўспомніць, бо гэта быў жудасны стрэс і страх.

Першы час я наогул нідзе і ніяк не адсвечвала, выдаліла ўсе сацсеткі. На кожны рух машыны я ішла да акна — здавалася, што гэта па мяне. Жыла ў пастаянным напружанні, за месяц на 7 кілаграмаў схуднела. Гэта было вельмі страшна.

Вікторыя баялася, што сілавікі знойдуць у канфіскаваным камп’ютары фота з пратэстаў. Яна лічыць, што яе затрыманне было пытаннем часу. Да дэкрэта дзяўчына працавала лекарам, падпісала адкрыты ліст медыкаў супраць катаванняў і гвалту і трапіла ў «Чорны спіс» на працы праз подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.

— Праз дзіця стаяла пытанне аб тым, наколькі вялікія мае рызыкі апынуцца побач з мужам. Я не да канца была ўпэўненая, што я змагу гэта ўсё вытрымаць, таму вельмі доўга вагалася. Гэта не было рашэнне з разраду «яго забралі, я тут жа села ў маршрутку і хутка з’ехала».

Я падавалася на візу, нешта трэба было рабіць, нешта даказваць у амбасадзе, бо дакументаў ніякіх не было. Складана эмацыйна, фізічна, але нічога.

Напісала ліст у консульства, растлумачыла сітуацыю. Праз нейкі час мяне запрасілі, але ў мяне не было дазволу на вываз дзіцяці ад мужа і дакументаў, якія пацвярджаюць палітычны пераслед у дачыненні да яго. Мы нейкае падабенства гэтых дакументаў знайшлі за тыдзень.

Калі б у мяне адразу былі ўсе дакументы на руках, візу адкрылі б за пару дзён. А так выйшла ў агульным парадку, без гарантыі, што дзіцяці адкрыюць.

Праз месяц пасля затрымання мужа Вікторыя з дзіцем з’ехалі з Беларусі.

«Праз два месяцы, калі яго затрымалі, мяне накрыла зусім»

Ужо пасля ад’езду Вікторыі патэлефанаваў следчы і запрасіў на допыт. Паводле слоў дзяўчыны, ён быў «шалёна шчаслівы» пачуць пра тое, што яна з’ехала з Беларусі.

— Можа, вырашылі, што дробная сошка, каб за мной ганяцца. Калі б у іх не было майго мужа, я б сказала: «Адкуль я ведаю, што ты следчы? І наогул — што вам трэба?» Але я ж разумею, што мне ён нічога не зробіць, а яму... Таму старалася максімальна карэктна размаўляць.

Эміграцыя з маленькім дзіцем даецца Вікторыі няпроста. Малога пакінуць няма з кім, таму дзяўчына пакуль не можа выйсці на працу. У беларускі засталіся невялікія ашчаджэнні, з грашыма дапамагаюць фонды і сябры.

— Было вельмі складана знайсці жыллё — маленькае дзіця і няма працы. Увосень, да таго як я знайшла кватэру, умовы пражывання былі так сабе. Здавалася: «Ну ўсё, гэта канец». Гэта страшны стан.

Жытло мы знайшлі ўрэшце. Кватэра — гэта самы вялікі выдатак, арэнда каштуе неяк фантастычна дорага. Шчыра кажучы, калі пытанне тычыцца кватэры, мне часам пачынае рабіцца млосна. Сёння ёсць чым плаціць, а што будзе заўтра — вельмі страшна.

Да вясны нам трэба працягнуць, потым дзіця пойдзе ў сад, а я пайду працаваць.

Вікторыя хацела б вярнуцца да медычнай практыкі, але зрабіць гэта хутка не атрымаецца — пацверджанне дыплома забірае шмат сіл і часу. Дзяўчына разлічвае ўладкавацца памочнікам урача.

Беларуска кажа, што не да канца акрыяла ад перажытых узрушэнняў, але думаць пра свой стан ёй няма калі.

— Быў такі момант — не проста «мне сумна, балюча», а тыповай клінічнай дэпрэсіі, калі да болю цяжка ўставаць з ложка. Праз два месяцы, калі яго затрымалі, мяне накрыла зусім.

Я не звярталася да спецыяліста. Не ведаю, што дапамагло тады — можа быць, зносіны з сябрамі, можа, проста навагоднія святы прыйшлі, і стала лягчэй. Не магу сказаць, што я зусім з гэтым справілася. Часам накатвае так, што задыхаешся.

Дзіця — самы галоўны стымул, вядома. Калі з табой нешта не так, то што будзе з ім? Гэта самы вялікі страх — тут з родных нікога.

Вікторыя стараецца не рэфлексаваць, не думаць пра тое, што здарылася з мужам і што будзе з ім далей. Ёй не хочацца верыць, што Ягор правядзе ў зняволенні ўвесь прызначаны яму тэрмін.

— Сувязь мы падтрымліваем праз лісты. Хацелася б проста ўбачыць яго хоць бы. Мяне больш хвалюе, што яны з дзіцем не бачацца. Ён вызначае бацьку на фотаздымках, ведае, што гэта тата.